Пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай было аб’яўлена, што парлямэнцкія выбары будуць прызначаныя на канец верасьня. Чым можа адрозьнівацца сёлетняя кампанія ад папярэдніх выбарчых кампаніяў? Гутарка з палітолягам Віталём Сіліцкім.
Цыганкоў: “Ці можна меркаваць ужо цяпер, як будуць выглядаць гэтыя выбары? Ці будзе гэта сапраўдная палітычная сур’ёзная барацьба з шанцамі ў апазыцыі, ці гэта будзе тое, што мы бачылі апошнія гады?”
Па-другое, калі будзе нейкая барацьба, то яна будзе на стадыі зацьверджаньня сьпісу дэпутатаў паміж рознымі ўладнымі групоўкамі. Яна цяпер, магчыма, ужо й пачалася”.
Цыганкоў: “Цягам апошніх гадоў увесь час пры пэўных абставінах узьнікалі размовы, што ўлада можа ўвесьці элемэнты прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, калі ў парлямэнт будуць выбіраць у тым ліку й па партыйных сьпісах? Ці можна ўжо цяпер паставіць кропку на гэтых размовах?”
Сіліцкі: “А навошта ўладзе гэта рабіць?”
Цыганкоў: “Лічылася, што гэта пэўны крок для Захаду...”
Сіліцкі: “Не, расейскі досьвед паказаў, што можна ўводзіць хоць цалкам партыйныя сьпісы, і пры гэтым сыстэма становіцца яшчэ больш рэпрэсіўнай. Так што цяпер неабходнасьць такога кроку перад Захадам цалкам адпала.
Самі па сабе партыйныя сьпісы нічога не лібэралізуюць. Гэта толькі летуценьні некаторых нашых палітыкаў, якія думаюць, што вось зьявяцца партыйныя сьпісы, а яны будуць сядзець і чакаць, калі іх запросяць у парлямэнт”.
Цыганкоў: “Ці ўдасца дамовіцца апазыцыі на гэтых выбарах? Ужо ёсьць паведамленьні, што некаторыя лідэры ня хочуць падпарадкоўвацца агульнай стратэгіі...”
Сіліцкі: “Мяне ня вельмі цікавіць, як яны будуць дамаўляцца па акругах. Мяне цікавіць, ці дамовяцца яны пра тое, як ламаць той сцэнар, які прапануе ўлада. А пытаньне адзіных кандыдатаў у акругах – гэта другаснае. Больш за тое, калі апазыцыя канцэнтруецца толькі на пытаньнях кандыдатаў і акругаў, гэта значыць, яна цалкам падпадае пад той сцэнар, які прапануе ўлада”.