Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 27 студзеня)
Менская фабрыка каляровага друку накладам 3000 асобнікаў выдала кнігу “Геральдыка Беларусі” – адмысловае дасьледаваньне старадаўніх і сучасных беларускіх гербаў. Асобны разьдзел у ёй прысьвечаны гербу “Пагоня”. У “Вольнай студыі” – аўтар кнігі, геральдыст Анатоль Цітоў.
“Наданьне гербаў усім гарадам, раёнам і нават сельскім саветам – гэта дэвальвацыя самой ідэі гербу”
Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, вы – знаны беларускі геральдыст, вывучэньнем геральдыкі і сфрагістыкі займаецеся не адзін дзясятак гадоў. Ці можаце сказаць, калі на беларускіх землях узьнікла гэтая традыцыя – мець свой герб?”
Анатоль Цітоў: “Дакладна вызначыць, калі зьявіліся першыя гербы, немагчыма. Навуку аб гербах можна разглядаць, як нейкую піраміду. На вяршыні – гербы зямельныя, гістарычныя, ніжэй – карпарацыйныя, гарадзкія і канфэсійныя, а ля самага падножжа – прыватныя, родавыя гербы. Іх пераважная боьшасьць. Узьніклі яны прыкладна ў 14–15 стагодзьдзях, хоць і ў больш позьніх дакумэнтах можна сустрэць падвойнае разуменьне – “герб альбо пячатка”. Грамадзтва прызвычайвалася да ўжываньня гербаў паступова, бо далёка ня ўсе ягоныя колы мелі права карыстацца гербам. Адпаведна зь летапіснымі дадзенымі, першымі гербамі, зафіксаванымі на беларускіх землях, былі “Ружа”, “Калюмны”, “Пагоня” і “Кентаўр”. І яшчэ такі герб, як “Мядзьведзь”. Праўда, наконт апошняга ёсьць сумненьні. Магчыма, літоўскія ідэолягі пазьней прыпісалі яго да беларускіх летапісаў. Але гербам Жмудзі (сучаснай Літвы) быў “Мядзьведзь”. А калі Жмудзь трапіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, на шыю гэтага “Мядзьведзя” згодна з паданьнямі быў надзеты ашыйнік”.
Скобла: “Сёньня многія беларускія гарады, у тым ліку й Менск, маюць свае гербы. Як правіла, яны сустракаюць падарожнага на ўезьдзе. Як вы ацэньваеце гэтую сучасную “гербалізацыю” Беларусі?”
Цітоў: “Пагоня за гербамі” ў маштабах краіны мяне вельмі насьцярожвае. Сёньня ўжо маюць гербы ці ня ўсе беларускія гарады. Раёны і нават сельскія саветы пачалі гербы атрымліваць! Гэта дэвальвацыя самой ідэі гербу. Калі браць родавыя гербы, то герб даваўся чалавеку, які вызначыўся. А даць кожнаму песелішчу герб – гэта тое самае, як даць кожнаму грамадзяніну нашай краіны высокае званьне Героя Беларусі. Адбудзецца дэвальвацыя званьня. Дык ці трэба імкнуцца да гэтага? Напрыклад, старажытны Тураў ня меў свайго гербу. Ну і ня трэба яго даваць яму! Бо што ў нас адбываецца з гарадзкімі гербамі? Напрыклад, Менск вярнуў сабе свой гістарычны герб, на якім выява Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Добра. А дзе гэты герб выкарыстоўваецца? Толькі на будынках, як карцінка. А на гарадзкіх пячатках яго няма. Так і з астатнімі гарадзкімі гербамі. Яны – нежывыя, яны – проста як дэкарацыя для турыстаў. А раней гарадзкая пячатка з гербам была знакам якасьці. Так-так, знак якасьці прыдумалі не за савецкім часам, гэты панятак існаваў у нас яшчэ ў 17–18 стагодзьдзях. Калі тавар ішоў на экспарт і быў найвышэйшай якасьці, на пакунак ставілі дзьве гарадзкія пячаткі, на тавар першага гатунку – адну пячатку. Гэта азначала, што горад нясе адказнасьць за свой тавар”.
“Герб “Свабода” меў чырвоны фон – колер улады, каханьня і гатовасьці да бою”
Скобла: “Гербы мелі свае адметныя назвы. Напрыклад: “Сьляпы крумкач”, “Чорны анёл”, “Праўдзіч”… У вашай кнізе мне сустрэўся герб пад назвай “Свабода”. Хто ім карыстаўся?”
Цітоў: “Герб “Свабода” меў яшчэ і другую назву – “Грыф”. На ім была выява гэтай свабодалюбнай птушкі на чырвоным фоне. А чырвоны колер у геральдыцы азначае ўладу, каханьне, гатовасьць да бою. Названыя вамі гербы – прыватныя. І тут трэба разумець адну рэч. Сучасны чалавек ня можа пранікнуць у мысьленьне далёкіх продкаў, людзей 12, 13, 14 ці 15 стагодзьдзяў. На выбар імі ўласнага сымбалю маглі ўплываць іх культурныя, адукацыйныя узроўні, нават нейкія асабістыя забабоны. Возьмем, напрыклад, герб “Габданк” (“Габданец”). Паводле легенды, яго назва паходзіць ад нямецкага gaben Dank, што азначае “даць дзякуй”. Ёсьць герб “Крыўда”. На ім выява крыжа, адно плячо ў яго адламанае – пакрыўджаны крыж. Што да назваў, то я не бяруся тлумачыць, чаму герб так ці іначай называецца. Гэта няўдзячная і антынавуковая справа. Мы ніколі ня зможам зразумець нашых далёкіх продкаў, мы ня ведаем, чым яны кіраваліся пры выбары сваіх гербаў”.
Скобла: “Цэлы разьдзел вашай кнігі прысьвечаны гербу “Пагоня”. Першае ўпамінаньне пра “Пагоню” ў Густыньскім летапісе датуецца 1278 годам. Такім чынам, сёлета, у юбілейны год Беларускай Народнай Рэспублікі, мы можам адзначаць яшчэ адну дату – 730 гадоў “Пагоні”. Маем падставы, ці ж ня так?”
Цітоў: “Падставы мы заўсёды знойдзем, асабліва для сьвятаў... Густыньскі летапіс неадназначна ўспрымаецца навукоўцамі. Адны кажуць, што ён быў сфабрыкаваны ў Расеі ў 17–18 стагодзьдзях. Іншыя гавораць, што летапіс гэты аўтэнтычны, проста ён перапісаны тагачасным почыркам. Гэта вялікая і асобная тэма. А нам трэба ўважліва чытаць першакрыніцы. Калісьці, яшчэ студэнтам, я ўзяў у рукі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году і прачытаў там: “А кожнаму павету мець земскую пячатку з выявай гербу “Пагоня”. Так што мы маем ня толькі стыхійнае, летапіснае, але і юрыдычнае замацаваньне “Пагоні” за беларускімі землямі”.
“Прэм’ер-міністар Літвы Тубаліс у сойме афіцыйна заяўляў пра “нелітоўскае” паходжаньне “Пагоні” і паведамляў, што ідзе праца над стварэньнем арыгінальнага літоўскага гербу”
Скобла: “Думаецца, у 1995 годзе, пасьля вядомага рэфэрэндуму ў Беларусі, літоўцы ўздыхнулі з палёгкай – “Пагоня” (пераназваная імі ў “Віціс”) дасталася ім. А можа быць, на “Пагоню” прэтэндуюць не адны беларусы, бо й сапраўды, яна вельмі розная. Апрача клясычнай “Пагоні” ёсьць гэтак званая “Пагоня” маскоўская, і нават “Пагоня” татарская…”
Цітоў: “Неаднойчы многія дзеячы Літоўскай рэспублікі публічна гаварылі пра патрэбу замены “Пагоні” другім гербам. У 1935 годзе (тады сталіцай Літвы было Коўна) літоўскі прэм’ер-міністар Тубаліс у сойме афіцыйна заявіў пра “нелітоўскае” паходжаньне “Пагоні” і паведаміў, што ідзе праца над стварэньнем арыгінальнага гербу. Нават была створаная адмысловая камісія. Пэўна, яе праца дала б свае вынікі, але пачалася Другая ўсясьветная вайна”.
Скобла: “А што такое татарская “Пагоня”?”
Цітоў: “Татарская “Пагоня” – гэта таксама рыцар на кані”.
Скобла: “А які ж рыцар у татараў?”
Цітоў: “У татарскім халаце і ў чалме. І ён ня мечам размахвае, а адстрэльваецца з луку ад сваіх перасьледнікаў”.
“Калі на пячатцы пральні дзяржаўны герб – гэта ягоная зьнявага”
Скобла: “У 1991 годзе, калі вырашалася, які выгляд павінна мець “Пагоня” на Дзяржаўным гербе незалежнай Беларусі, вы прапаноўвалі прыняць два варыянты гербу. Дзеля чаго?”
Цітоў: “Таму што адбываецца тая ж дэвальвацыя гербу. У нас сёньня дзяржаўным гербам карыстаюцца і прэзыдэнт, і Савет Міністраў, і гарадзкія ўлады, і лазьня, і пральня… Гэта, паўтараю, дэвальвацыя гербу, яго зьнявага. Я ў 1991 годзе прапаноўваў зацьвердзіць два варыянты “Пагоні”. Прадстаўнікі найвышэйшай улады – Прэзыдэнт, Кабінэт Міністраў, Вярхоўны Суд, Генэральны пракурор – для падкрэсьліваньня свайго статусу мусілі б карыстацца вялікай “Пагоняй”. А, напрыклад, райаддзел міліцыі меў бы малую “Пагоню”, нязначна адрозную ад вялікай. Проста ў герб былі б дададзеныя некаторыя дадатковыя элемэнты. Так, дарэчы, у Літве і ў другіх краінах. Але такая ідэя магла быць зрэалізаваная толькі з “Пагоняй”. Я нават не ўяўляю, што можна зрабіць з сучасным гербам”.
Скобла: “Вы ў сваёй кнізе прыводзіце факт, як за нашэньне “Пагоні” пасьля паўстаньня 1863 году быў аштрафаваны шляхціч Канюшэўскі. Як тут не згадаць шматлікія штрафы за выкарыстаньне “незарэгістраванай сымболікі” ў Беларусі сучаснай. Ці можна забараніць сымбаль, якому 730 гадоў?”
Цітоў: “Можна прыдумаць што заўгодна: рэгістрацыю, узгадненьне… Але гэта ўсё часовае... Мая мамулька-нябожчыца, памятаю, ня раз гаварыла: “Сынку, не займайся сучаснай гісторыяй. Бо будзеш кожны раз пісаць новую гісторыю, як толькі зьменіцца кіраўніцтва”. Я паслухаўся яе, “пайшоў” у глыбіню стагодзьдзяў. І – усё роўна апынуўся на вастрыі часу і пяра”.
“Дзяржаўны герб – не выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі. Ва ўсясьветнай геральдычнай практыцы лічыцца: чым больш старадаўні герб, тым больш павагі да яго ўладальніка”
Скобла: “Як вы, як прафэсійны геральдыст, адносіцеся да сучаснага гербу Рэспублікі Беларусь?”
Цітоў: “Ён зроблены на ўзор гербу Валянціна Волкава, які быў зацьверджаны яшчэ ў 1926 годзе. Дарэчы ў першапачатковым варыянце волкаўскага гербу каласы былі апаясаныя бела-чырвонымі стужкамі, іх потым замянілі на чырвоныя. Наколькі сучасны герб адпавядае геральдычным законам… Калі чарговым разам “удасканальвалі” герб у 1938 годзе, на сэсіі Вярхоўнага Савету выступіў адзін з дэпутатаў і заявіў: “У нашай сельскай гаспадарцы пераважаюць жыта, лён, канюшына… што павінна быць адлюстравана ў дзяржаўным гербе БССР”. Прапанова была ўлічаная. Але ж герб – гэта не выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі. Ва ўсясьветнай геральдычнай практыцы лічыцца: чым больш старадаўні герб, тым больш павагі да яго ўладальніка. Таму гербаўласьнікі часам легенды прыдумвалі пра свае гербы, варагавалі з разбуральнікамі гэтых легендаў. Быў у Львове геральдыст Каспар Нясецкі. Дык шляхта сабралася і пабіла яго. За што? А за тое, што ён пры апісаньні гербаў карыстаўся выключна дакумэнтамі, а легенды ня браў пад увагу... Мы павінны памятаць, што сучасны герб Рэспублікі Беларусь мае сямідзесяцігадовую традыцыю, а гербу “Пагоня” паводле згаданага вамі Густыньскага летапісу – 730 гадоў”.