Хрысьціянскія дэмакраты судзяцца зь Мін’юстам

Вярхоўны суд Беларусі распачаў разгляд пазову заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” да Міністэрства юстыцыі, якое адмовілася рэгістраваць іх арганізацыю.

Міністэрства юстыцыі называе некалькі прычын, паводле якіх грамадзкаму аб’яднаньню хрысьціянскіх дэмакратаў было адмоўлена ў рэгістрацыі. Чыноўнікам нібыта не зразумелы сэнс выразаў “хрысьціянскі сьветапогляд” і “хрысьціянскія каштоўнасьці”, якія прысутнічаюць у статуце аб’яднаньня. Мін’юст таксама знайшоў разыходжаньні ў чытаньні асобных пунктаў статуту. Пракамэнтаваць выстаўленыя абвінавачаньні для Радыё Свабода прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Яўген Какуша адмовіўся. А вось што сказаў адзін з заяўнікаў, праваабаронца і юрыст Юры Чавусаў:
“Фактычна што мы бачым: ёсьць людзі, якім забаронена ствараць грамадзкія аб’яднаньні. Любая іншая арганізацыя, сярод заснавальнікаў якой няма Севярынца, няма Шэіна, няма Рамашэўскага, з такім статутам і з такімі ўстаноўчымі дакумэнтамі безумоўна была б зарэгістраваная. Для людзей, якія зьяўляюцца апанэнтамі дзейнай улады, гэта сапраўды непераадольны бар’ер”.
Акрамя такіх вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, як Павал Севярынец, Мікалай Арцюхоў, Зьміцер Садоўскі і іншыя, заснавальнікамі Сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” выступаюць вернікі розных канфэсіяў. Яны ж рыхтуюць дакумэнты і на рэгістрацыю аднайменнай партыі. Ход судовага працэсу камэнтуе адзін са стваральнікаў аб’яднаньня Аляксей Шэін:
“На вялікі жаль, рашэньні судоў самых роўных узроўняў — ці то раённых, ці вось Вярхоўнага — у сучаснай Беларусі палітычна матываваныя. Калі Вярхоўны суд адмовіцца задаволіць наш пазоў, мы будзем спрабаваць зарэгістраваць Сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне і рыхтавацца да паўнавартаснага зьезду палітычнай партыі БХД”.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась Міністэрства юстыцыі зарэгістравала каля 100 грамадзкіх арганізацыяў. Значную колькасьць сярод іх складаюць мясцовыя грамадзкія аб’яднаньні. Сярод вядомых агульнабеларускіх — праўладная “Белая Русь”.