Пра што пісалі беларускія газэты 29 студзеня ў розныя гады мінулага.
“Савецкая Беларусь” у 1928 годзе пад загалоўкам “Беларусізацыя навыварат” адзначае: “Нам трэба асабліва завастрыць увагу на пытаньнях удасканаленьня, ачышчэньня і ажыўленьня мовы, якая ў нашых абставінах зьяўляецца першарадным фактарам у справе культурнай рэвалюцыі. Час ужо гнаць з нашага лексікону ўсякія “небадрапы”, “земляздрыгі”, ды ўсю іх радню. Культура дзелавой мовы, культура мовы газэтнай — гэта, побач з культурай мовы мастацкай літаратуры, адно з важнейшых заданьняў сёнешняга дню”.
“Звязда” ў 1938 годзе інфармуе: “У рэзультаце нотнай перапіскі паміж НКЗС і пасольствам Польскай рэспублікі ў Маскве па поваду раду чыгуначных інцыдэнтаў... польскае пасольства паведаміла НКЗС нотай аб тым, што польскі ўрад прыняў меры да павышэння пільнасці, якія маюць мэтай забеспячэнне нармальных чыгуначных зносін на ўчастку Шэпетоўка-Здалбунова. У адказнай ноце ад 27 студзеня г.г. НКЗС давёў да ведама польскага пасольства, што ён з задаволеннем прымае гэта паведамленне да ведама”.
“ЛіМ” у 1988 годзе друкуе афіцыйны адказ рэдакцыі: “Дзяржкамвыд БССР паведамляе: выдавецтва “Беларусь” выпускае паштоўкі (відавыя, святочныя, пра гарады Беларусі — усяго 29 назваў) толькі на беларускай мове. У 1987 годзе тыраж іх склаў 1 мільён 800 тысяч экзэмпляраў. Да новага года выпушчана два віды паштовак тыражом 120 тысяч экзэмпляраў. “Саюздрук” жа заказаў іх усяго 11 тысяч. Гэта для задавальнення попыту насельніцтва яўна недастаткова. Для выпуску адрыўных календароў у рэспубліцы няма адпаведнага абсталявання”.