У Сьветлагорску ад студзеня зачынены адзіны ў горадзе мэдычны выцьвярэзьнік. Летась аналягічная ўстанова перастала існаваць у Рэчыцы. Скарачэньне выцьвярэзьнікаў у Міністэрстве ўнутраных справаў зьвязваюць зь немэтазгоднасьцю іх існаваньня і патрэбаю ўдасканальваць сыстэму.
З 2004 году мэдычныя выцьвярэзьнікі краіны працуюць на ўмовах самаакупнасьці. Аднак нізкая рэнтабэльнасьць – не галоўная прычына закрыцьця гэтай установы ў Сьветлагорску, кажа былы яе начальнік Рыгор Іваноў:
“А дзе ў нас яшчэ засталіся выцьвярэзьнікі? У краінах былога Савецкага Саюзу амаль нідзе. Напэўна, вычарпала сябе гэтая сыстэма. З агульнай колькасьці дастаўленых у выцьвярэзьнікі – ня ўсе ж п’яніцы і алькаголікі. А для іншых выцьвярэзьнік – выратаваньне ў зімовы час. Таму паглядзім, час пакажа”.
Перад леташнімі “Дажынкамі” мэдвыцьвярэзьнік быў зачынены ў Рэчыцы, і цяпер на Гомельшчыне застаецца 4 такія ўстановы. Раней выцьвярэзьнікаў у Беларусі было 27, колькі цяпер – у Міністэрстве ўнутраных справаў не паведамляюць.
Дзе магчыма, выцьвярэзьнікі
рэарганізоўваюць
рэарганізоўваюць
Закрыцьцё паасобных выцьвярэзьнікаў кіраўнік прэсавай службы Алег Сьлепчанка пракамэнтаваў гэтак:
“Там, дзе выцьвярэзьнікі не адпавядаюць сучасным умовам, яны зачыняюцца. Там, дзе магчыма, іх рэарганізоўваюць, забясьпечваюць тэхнікай. І яны працуюць практычна як пункты рэабілітацыі. Там ёсьць апаратура, можна памераць ціск, зрабіць кардыяграму. Сёньня ўжо не самамэта даставіць як мага больш людзей у выцьвярэзьнік, сёньня мэта – дапамагчы людзям”.
Ці патрэбныя сёньня выцьвярэзьнікі, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:
Юнак: “Лепш няхай яго адвозяць у выцьвярэзьнік, чым ён будзе дзесьці валяцца з такімі самымі, як ён”.
Спадарыня: “Мне падаецца, што выцьвярэзьнікі патрэбныя. Па-першае, чалавека вернуць там да прыстойнага стану. А па-другое, можа нехта й задумаецца, а што далей?”
Юнак: “Мне здаецца, што патрэбныя. Бо непрыемна знаходзіцца ў такім выглядзе”.
У Міністэрстве ўнутраных справаў не паведамляюць, колькі каштуе знаходжаньне ў выцьвярэзьніку і які лёс выпівохаў у гарадох, дзе такіх установаў няма. У Сьветлагорску, да прыкладу, п’яных зьмяшчаюць у гарадзкі шпіталь, чым там ня вельмі задаволеныя, паведаміла дзяжурная прыймовага пакою:
“Натуральна, што не задаволеныя. Прыймовы пакой – для хворых. А тут шумяць і хуліганяць, калі прывозяць п’яных у розным стане. І хворым прыходзіцца гэта бачыць. Некаторых кладуць у аддзяленьне, а некаторых проста на калідоры – тыя адасьпяцца і ідуць дадому”.
Сутыкнуліся інтарэсы двух ведамстваў
Сытуацыю з сыстэмай працы мэдвыцьвярэзьнікаў камэнтуе шматгадовы супрацоўнік органаў унутраных справаў, сьпікер Вярхоўнага Савету XII скліканьня Мечыслаў Грыб:
“Тут сутыкнуліся інтарэсы двух ведамстваў: Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства ўнутраных справаў. Мне здаецца, што ні адзін, ні другі бок не хацеў бы займацца гэтай ня вельмі выгаднай і прыемнай справай. Ёсьць розныя шляхі вырашэньня гэтай праблемы. У асобных краінах гэтых людзей забіраюць і адвозяць дадому. Пасьля за гэта бяруць пэўныя грошы. Тут жа большая частка гэтых людзей, якія трапляюць у выцьвярэзьнік, беспрацоўныя, некаторыя ня маюць сталага месца жыхарства. І што зь іх узяць? Але гэтых людзей некуды трэба дзяваць. Складанасьці будуць, і наўрад ці іх нехта вырашыць найбліжэйшым часам”.