Прадпрымальніцу пакуль не выселяць

Сёньня ў Менску Вышэйшы гаспадарчы суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэньне Гомельскага абласнога гаспадарчага суду аб высяленьні з рынку прадпрымальніцы, актывісткі аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Надзеі Айвазавай. Суд адмяніў рашэньне гомельскага суду і накіраваў справу на новы разгляд.

Прадпрымальніцу Надзею Айвазаву спрабуюць прымусова выселіць з “Прудкоўскага” рынку ў Гомелі. Летась Гомельскі абласны гаспадарчы суд задаволіў позву адміністрацыі рынку аб высяленьні спадарыні Айвазавай з гандлёвага месца. Надзея Айвазава абскардзіла гэтае рашэньне ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Паводле старшыні аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, уся праблема была з-за арэнднай платы:

“Справа ў тым, што яны заднім чыслом падвысілі арэндную плату і прадпрымальнікі з гэтым не пагадзіліся. І было многа такіх прадпрымальнікаў. Пасьля сёньняшняга суду зьявілася надзея, што справядлівасьць пераможа”.