Магілёў:не далі залі для сустрэчы зь А. Мілінкевічам

Цэнтар культуры й адпачынку магілёўскага аддзяленьня беларускай чыгункі адмовіў актывістам незарэгістраванага грамадзкага руху “За Свабоду” у памяшканьні для сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Дырэктар цэнтру Мікалай Шышоў адмову аргумэнтаваў тым, што 7 лютага ў цэнтры будзе праходзіць мерапрыемства актыву БРСМ.

Паводле аднаго з арганізатараў сустрэчы Аляксандра Сілкова, месяц таму Мікалай Шышоў запэўніваў, што 7 лютага ніякіх мерапрыемстваў не заплянавана.

“Улада проста баіцца прыезду ў Магілёў Аляксандра Мілінкевіча. Яна баіцца, што на сустрэчу зь ім прыйдзе шмат людзей, што будзе сьведчыць пра папулярнасьць палітыка ў Магілёве. Мы ўсё адно правядзём сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам”, - сказаў Аляксандар Сілкоў.

Магілёўцы з Аляксандрам Мілінкевічам зьбіраліся абмеркаваць сацыяльна-палітычную сытуацыю ў краіне.