Працягваецца кампанія за вызваленьне аднаго зь лідэраў "Маладога фронту" Артура Фінькевіча.
У Заводзкім раёне Менску, дзе да зьняволеньня жыў палітвязень зьявіліся новыя графіці “Свабоду Фінькевічу!”.
Стэнсілы бачныя каля многіх пад’ездаў, на платах і на сьценах шматпавярховых гмахаў.
У мінулыя выходныя таксама ў электрычках магілёўскага накірунку былі распаўсюджаныя ўлёткі зь інфармацыяй пра самага маладога палітвязьня Артура Фінькевіча.
Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” 22 сьнежня пачалі бестэрміновую кампанію за вызваленьне свайго паплечніка Артура Фінькевіча. Магілёўскі суд асудзіў яго да паўтарагадовага зьняволеньня. Актывісты плянуюць працягваць акцыю пратэсту да часу, пакуль Фінькевіча будуць трымаць за кратамі.
Раней на вуліцы, дзе жыў Артур Фінькевіч, зьявіліся графіці “Свабоду Фінькевічу”. Таксама на тым месцы, дзе калісьці Артур Фінькевіч зрабіў графіці “Дастаў!” і “Мы хочам новага!”, моладзевыя актывісты намалявалі яго партрэт і напісалі: “Свабоду”.
Таксама на шэрагу дамоў на вуліцы Ўбарэвіча ў Менску зьявіліся надпісы "вуліца Артура Фінькевіча".
Улёткі і графіці пра А.Фінькевіча зьяўляліся ў розных людных месцах.
Моладзевыя актывісты запэўнілі, што кампанія ўключае флэш-мобы, вывешваньне расьцяжак і іншыя акцыі.