Пра што пісалі беларускія газэты 28 студзеня ў розныя гады мінулага.
“Вольная Беларусь” у 1918 годзе адзначае: “Нямецкія умовы міру адрэзаюць ад Расіі востравы Моозунд, часьць Беларусі з Вільняй і часьць Украіны. Граніца канчаецца каля Брэсту. “Гэткая граніца — казаў Троцкі — згубная для Расіі с погляду стратэгічнаго, эканомічнаго і этнографічнаго, і зусім пярэчыць варункам дэмократычнаго міру”. Далей Троцкі прызнаўся, што нямецкія умовы міру вымагаюць скрытай кантрыбуцыі у сумі каля 8 міліярдаў. Троцкі дапушчае, што улада нар. камісараў будзе прымушана зрабіць мір і пры гэтакіх варунках”.
“Піонер Беларусі” ў 1948 годзе друкуе ліст вучняў Сарваскай школы Мастоўскага раёну ў 42-ю школу Менску: “Наша школа знаходзіцца ў 35 кіламетрах ад раённага цэнтра. Нам вельмі хочацца слухаць радыё. У нашай школе толькі тры класы, і мы самі яшчэ не маем такіх ведаў, каб збудаваць прыёмнік. Мы прачыталі ў газеце “Піонер Беларусі”, што вы зрабілі для калгасаў 15 радыёпрыёмнікаў. Мы зварачваемся да вас з просьбай дапамагчы нам зрабіць і ўстанавіць радыёпрыёмнік у школе”.
“Голас Радзімы” на гэтым тыдні 1978 году піша пра пастанову ЦК КПСС і Саўміну СССР: “Вялікае палітычнае і практычнае значэнне мае пастанова аб пераходзе на бясплатнае карыстанне падручнікамі. У ёй адзначаецца, што ўводзімая згодна з новай Канстытуцыяй СССР бясплатная выдача ўсім школьнікам падручнікаў будзе садзейнічаць ажыццяўленню абавязковай сярэдняй адукацыі, да якой мы зараз пераходзім, далейшаму ўдасканаленню навучальна-выхаваўчага працэсу”.