Камандуючы касьмічнымі войскамі Расеі Ўладзімір Папоўкін заявіў, што Расея найбліжэйшым часам мае намер адмовіцца ад усіх радыёлякацыйных станцыяў, разьмешчаных за яе межамі. Паводле Ўладзіміра Папоўкіна, расейскі бок ня хоча залежаць ад волі краінаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца РЛС – Украіны, Азэрбайджану, Казахстану і Беларусі.
Наколькі гэтая заява адлюстроўвае стратэгічны курс Расеі? Ці закране яна расейскія аб’екты на тэрыторыі Беларусі, ці ня стане чарговы раз Беларусь выключэньнем? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.
Цыганкоў: “Наколькі гэтая заява адлюстроўвае стратэгічны курс расейскага кіраўніцтва на тое, каб не залежаць ад іншых постсавецкіх краінаў у вайсковай сфэры? Наколькі гэта стратэгія доўгатэрміновая, і за які час яна можа быць рэалізаваная?”
Цыганкоў: “Мы неаднаразова назіралі, як Беларусь станавілася пэўным выключэньнем у расейскай замежнай палітыцы. Для Беларусі ня дзейнічалі тыя правілы, што працуюць у адносінах Расеі зь іншымі краінамі. Ці ня можна меркаваць, што, улічваючы шчыльнасьць беларуска-расейскіх вайсковых сувязяў, і ў пытаньні з РЛС Беларусь можа стаць выключэньнем?”
Коктыш: “Не, мне здаецца, гэта практычна выключана. Надта шмат сілаў было затрачаны тым жа Пуціным, каб гэтага выключэньня пазбавіцца. Сёньня ўзровень узаемнага даверу паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам нашмат ніжэйшы, чым паміж расейскім і казахстанскім, напрыклад.
Расея стане сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і ня будзе мець правоў рабіць нейкія выключэньні ў сваіх стасунках зь іншымі краінамі. Беларусі будзе пастаўленая ўмова: альбо сапраўды інтэгравацца ў Расею (што не задаволіць ані Беларусь, ані Расею) альбо працаваць на ўмовах рэальнай незалежнасьці, умовах, якія будуць выкарыстоўвацца да любой іншай краіны, зь якой Расея мае стасункі”.
Цыганкоў: “Як можа адрэагаваць беларускае кіраўніцтва на гэтае рашэньне? Ці ня зоймецца Аляксандар Лукашэнка звыклым шантажом – “калі рвуцца братэрскія сувязі, мы пераарыентуемся на Захад” і гэтак далей?”
Коктыш: “Вельмі праўдападобна. Вядома ж, будуць такія размовы, бо разам з станцыямі страчваецца і ўзровень залежнасьці Расеі ад Беларусі. Гэта вельмі непажадана для Менску, бо будзе аслабляць яго пазыцыі, якія канчаткова аслабнуць праз 3 гады, калі завершыцца пабудова Паўночнага газаправоду.
Вядома ж, будуць крыўды і скандалы з-за таго, што Расея пазбаўляецца беларускіх паслуг. Гэта вельмі значнае зьніжэньне ўплыву і магчымасьцяў беларускага ўплыву на разьвіцьцё падзеяў у Расеі”.