Легкавыя аўто за 2-3 гадзіны пераяжджаюць мяжу з Брузгоў у Кузьніцу, а ціры наагул не часьцей, як адна машына за гадзіну.
Некаторыя кіроўцы прастаялі ўжо суткі. Беларускія памежнікі раяць кіроўцам ціраў ехаць на беларуска-літоўскую граніцу
Я на памежным пераходзе “Брузгі”, што за 15 км ад Горадні. Вонкава здаецца, што страйк польскіх мытнікаў асабліва тут не адчуваецца. Хаця машыны стаяць, як застылыя, праўда, іх ня так і шмат.
Падыходжу да кіроўцаў прыватных аўта й пытаюся ці доўга яны чакаюць на пераезд у Польшчу. Аказваецца, што ня болей за 2-3 гадзіны. Польскія грамадзяне, якія таксама стаяць у чарзе, распавядаюць што недалёка Кузьніцы кіроўцы ціраў заблякавалі дарогу.
Спадар: “Здаецца, у Паплаўцах паліцыя кіравала аб’ездам. Я ехаў за вашымі дзьвюма машынамі. Дарога жахлівая празь вёскі, празь лес, пакуль даехалі...”
У кіроўцаў ціраў сытуацыя яшчэ горшая.
Спадар: “Я тут з учорашняга дня”.
Карэспандэнт: “І начавалі ў машыне?”
Спадар: “А куды было падзецца”.
Карэспандэнт: “А што вам кажуць памежнікі? Калі стануць прапускаць?”
Спадар: “Прыяжджаў прадстаўнік пагранатрада, старшыня аблвыканкама Уладзімер Саўчанка, начальнік Рэгіянальнай мытні й сказалі, каб мы ехалі на літоўскую мяжу”.
Да размовы далучаюцца кіроўцы з Масквы, якія прыехалі на мяжу сёньня раніцай.
Спадар: “Прапускаюць па адной машыне ў гадзіну”.
Другі спадар: “Так, толькі па адной машыне. Да нас падыходзіў беларускі памежнік і казаў, што на польскім баку адзін мытнік афармляе легкавікі й адзін ціры. І вось як хочаш так і працуй”.
Побач з намі кіроўца ціра зь Менску. Ён напачатку паехаў на Берасьце, але там яму параілі ехаць на Брузгі, а зараз ён у поўнай разгубленасьці й ня ведае, што рабіць далей.
Спадар: “Я, да прыкладу, ня ведаю, што рабіць, ёсьць заяўкі на загрузку машыны, а тут не праехаць”.
Карэспандэнт: “А на літоўскую мяжу не паедзеце, можа, так будзе хучэй?”
Спадар: “Ды якія сэнс мне туды ехаць, буду чакаць”.
Пытаюся гандляроў, якія вязуць у Польшчу на продаж салярку, ці ня ляпей было пасядзець гэтыя дні, калі страйкуюць польскія мытнікі, у хаце?
Спадар: “Самі ведаеце, што мы не ад добрага жыцьця туды едзем...”
Другі спадар: “Мы нідзе не працуем. Нам трэба ехаць пакуль віза дзейнічае да сакавіка, а потым, наагул, ня ведаю, што будзем рабіць”.
Зьбіраюся ад’яжджаць і зьвяртаю ўвагу на тое, што няма нават ні воднай кавярні, дзе можна было б зьесьці нечага гарачага ці проста папіць кавы.