Грамадзкі рэдактар мінулага тыдня Мікалай Аўтуховіч замовіў нашым карэспандэнтам дасьледаваць тэму: беларуская турма – гэта інстытут прававой дзяржавы ці мэханізм рэжыму для падпарадкаваньня людзей?
“Па панятках” жыць пачало начальства зоны
Трапіўшы за краты, учорашні грамадзянін, які жыў па законах “мірнага часу”, пачынае існаваць па “панятках”. Фактычна, чалавек трапляе ў паралельнае вымярэньне, дзе правілы зьнешняга сьвету часта не працуюць. Паказальна, што паступова паводле зэкаўскіх нормаў пачынае жыць і адміністрацыя папраўчай установы – ад начальніка турмы і да шараговых ахоўнікаў.
Да якіх турэмных рэалій трэба прызвычайвацца зьняволеным? Негалосны “зэкаўскі кодэкс” ня толькі ўвекавечаны ў блатных песьнях, але рэальна працуе ў месцах зьняволеньня. Звод “турэмных законаў” мае на ўвазе дакладную герархію ў крымінальным сьвеце, акрэсьлівае правілы паводзінаў у асяродку асуджаных. У пэўнай ступені гэта дазваляе адміністрацыям папраўчых установаў пускаць сытуацыю на самацёк, паколькі ўнутраны мэханізм самакантролю ў шэрагу выпадкаў больш эфэктыўны, чым адміністратыўны ўціск.
Аднак, як кажа ў мінулым мэр Менску, міністар зьнешнеэканамічных сувязяў, амбасадар Міхаіл Марыніч, асуджаны ў 2004-м на 5 гадоў за нібыта прысвоеную аргтэхніку амэрыканскай амбасады, усё часьцей кіраўнікі месцаў зьняволеньня намагаюцца манапалізаваць усе функцыі, і самі пачынаюць жыць “па панятках”:
«Я думаю, ёсьць вялікая доля праўды ў гэтым, на падставе аналізу таго, што сёньня адбываецца ў турмах. Гэта безумоўна, хоць у маім выпадку, датычна 1-й калёніі, такога сказаць ў прынцыпе было нельга. Таму што, як ні круці, а да палітычных стаўленьне крыху іншае. Хоць бы ў той частцы, што мы ім ня верым, не паддаемся на правакацыі. І ў нас, калі казаць шчыра, іншая лінія паводзінаў з гэтымі людзьмі. Ну а тое, што ў бальшыні выпадкаў, у масе сваёй яны выбудоўваюць сваю працу «па панятках» – гэта факт. Таму што яны самі ўсё жыцьцё «сядзяць на зоне».
Уладзімер Лыско – адзін зь першых беларускіх палітзьняволеных. Геадэзіст па адукацыі, ён быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка 1997 году. Перад адпраўкай на “хімію” больш за месяц “марынаваўся” у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Тут атрымаў першыя ўрокі зэкаўскаага навучаньня:
“10 гадоў ужо мінула, але раней было так: “злодзеі ў законе” усё трымалі. Кодэкс “зэкаўскі” пераважаў над адміністратыўным. І ад таго, як сябе паводзіш, фармуецца да цябе стаўленьне. У нас там быў адзін, як называюць, “апушчаны”, дык ён у адзіноце ляжаў каля “парашы”. Ён нічога кепскага нібыта і не рабіў, але чагосьці яго неўзьлюбілі, дык ён так і пакутаваў. Гэта ўжо, як кажуць, пажыцьцёвае кляймо.
У “хаце” таксама свае парадкі: лаяцца матам, напрыклад, нельга. А тыя ж мянты, дык яны наадварот, слова сказаць без мата ня могуць. Пра іх увогуле размова асобная: у іх няма нічога – ніякага кодэксу, гонару. Што ім скажуць, тое яны і вытвараюць.
Што да Валадаркі, то там наогул вучаць, як сябе потым паводзіць на зоне. “Сматрачыя”, як іх называюць, навучаюць зэкаў, якія пойдуць на зону, усім правілам паводзінаў. То бок, як своеасаблівая школа падрыхтоўкі. Яны так і вучылі: нельга, да прыкладу, гуляць у карты ці ў што іншае “на інтарэс”. То бок, насамрэч вучылі, як сябе паводзіць у далейшым, каб было лягчэй”.
Сам Лыско за месяц жыцьця на Валадарцы атрымаў салідную мянушку “дырэктар” (кажа, што да палітычных ставяцца з пэўнай сымпатыяй) і перабазаваўся ў “хаце” ад дзьвярэй да сымбалічнага вакна.
Згадвае адзін зь першых палітвязьняў Беларусі А.Шыдлоўскі:
“На ”Валадарцы“ захаваны з савецкіх часоў інстытут ”смотрящего“ камэры, корпусу, СІЗА. Звычайна гэта тыя зэкі, якія жывуць ”па паняцьцях“ і лічаць сябе лепшымі за астатніх. Яны кіруюць у камэры ўсімі працэсамі і ўвогуле, маюць уладу, большую за ўладу міліцыянтаў.
Са страшнага: тутака я ўпершыню ўбачыў працэс ”апусканьня“. Адзін малады 18-гадовы хлопец у прыватнай гутарцы з ”сматрашчым“ прызнаўся, што на свабодзе займаўся з жанчынай аральным сэксам. Яго адразу ж жорстка зьбілі і адпіхалі нагамі да прыбіральні, дзе ён сядзеў увесь час да адпраўкі на зону. У яго абавязкі ўваходзіла мыцьцё прыбіральні. Лізу (такое было новае імя хлопца) штодзённа зьбівалі да страты прытомнасьці, а калі яму заходзіла перадача, дык палову ад яе забіралі ”сматрашчыя“. Увогуле, сытуацыя ў камэры была невыноснай, увесь час некага зьбівалі, а ”петухоў“ (апушчаных) праз тыдзень стала ўжо тры. Прычым адзін зь іх штовечар пад прымусам задавальняў сэксуальныя патрэбы ”братвы“.
Жанчыны з адміністрацыі горшыя за мужчын
Ці існуюць свае законы ў жаночых турмах? Адна з актывістак трэцяга сэктару Эніра Браніцкая, асуджаная ў лютым 2006-га разам зь іншымі ўдзельнікамі арганізацыі маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў “Партнэрства” за дзейнасьць, прыраўнаную да тэрарыстычнай, кажа, што парадкі ў жаночым асяродку больш лібэральныя, а жыцьцё “па панятках” не такое сыстэматызаванае, як у выпадку са зьняволенымі-мужчынамі. Адно што “набралася” ад адміністрацыі турэмнай лексыкі:
“У жанчын увогуле сытуацыя іншая. Так, жанчыны таксама карыстаюцца лексыкай. Але я не магу сказаць, што там ёсьць увогуле вельмі акрэсьленыя правілы, паводле якіх трэба жыць. На СІЗА ёсьць “сматрашчы”, гэта разьвіваецца, але гэта датычыцца мужчынскай часткі зоны. Жаночы корпус СІЗА ўсё роўна адрозьніваецца, і там усё прасьцей. Ёсьць людзі, якіх можна назваць больш аўтарытэтнымі, менш аўтарытэтнымі, але ў жанчын такой герархіі няма. На тых жа зонах жаночых, напрыклад, цыганкі будуць асобна жыць, і ў іх будуць свае правілы”.
Пра стаўленьне з боку адміністрацыі:
“Таксама і жанчыны, і мужчыны былі. Але мне здаецца, што жанчыны горшыя за мужчынаў, якія працуюць у гэтай сыстэме. Адзінае, што іх яднае, дык гэта карыстаньне той лексыкай, якая ўласьціва для зоны. І яны яе ведаюць нават лепш за зэкаў, асабліва за новых зэкаў, яны безь яе проста не жывуць. Прыходзяць на абходы і размаўляюць так, як прынята ў гэтых месцах. Шмат новых для сябе словаў я даведалася менавіта ад іх, бо гэтыя людзі ў гэтай сыстэме даўжэй за любога зэка”.
Згадвае адзін зь першых палітвязьняў Беларусі А.Шыдлоўскі:
“Ты зьмяніўся“, — мне кажуць тыя, хто ведае, што я сядзеў. Але яны ніколі не казалі, што па мне бачна, што я — зэк. Я ня вынес з сабою ані гэтага жаргону (я яго, натуральна, ведаю, але ж ніколі не карыстаюся), ані нейкіх звычак. Адзінае, што як ні імкнуўся я выжыць турму з сваіх сноў — ня здолеў. Мая дзяўчына скардзіцца, што я сярод ночы ўскокваю ў халодным поце. Так, я зноў быў там. Перажыўшы й асэнсаваўшы ўсё, я тым больш паважаю людзей, што выйшлі на волю незламанымі й здолелі пачаць жыцьцё нанова”.