Агляд сеціва
У суполцы Жывога Журналу minsk_by зьявілася спасылка на аматарскі відэазапіс, дзе можна ўбачыць, як жанчына-кандуктар у грамадзкім транспарце прымушае міліцыянта заплаціць за праезд. Міліцыянт ня хоча плаціць, а кандуктар тлумачыць яму, што льготы адмянілі ўсім. Тады міліцыянт адштурхоўвае кандуктара і ўцякае. Вось што пра гэта думаюць чальцы суполкі:
“Так ім і трэба, абараняюць гаўляйтэра, прэсуюць апазыцыю – няхай атрымліваюць тое, што заслужылі”.
“А што, супрацоўнік міліцыі – гэта не чалавек, не грамадзянін сваёй краіны? То бок, калі “заяц”-апазыцыянэр, то кепскія кантралёры... Ці не падаецца вас, што гэта мэтады БТ, якія выкарыстоўваюцца па іншы бок барыкадаў. Вы думаеце, у міліцыі мала людзей, якія разумеюць, ды іх там большасьць!”
“Праца інжынэра не прадугледжвае рэгулярных перасоўваньняў па горадзе, напрыклад... я мяркую, што ў сярэдняга міліцыянта патрэба ў перасоўваньні па горадзе вышэйшая, чым у сярэдняга інжынэра – у межах службовых абавязкаў, вядома ж”.
“Праца кур’ера прадугледжвае! Льготы кур’ерам, напрыклад!”
“Кур’еры не вырашаюць ніякіх сацыяльных задачаў, напрыклад”.
“А якую сацыяльную задачу вырашае мент? Вартуе ўладу?”
Чытачы і ўдзельнікі форумаў парталу TUT.by гутараць пра лёс 277 папугаеў, якіх канфіскавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы пад Берасьцем. Птушак зьнішчылі церазь небясьпеку птушынага грыпу. Паводле афіцыйнай фармуліроўкі, птушак утылізавалію. Водгукі форумлянаў:
“У грынпіс на іх трэба напісаць! 277 папугаеў забілі, не каб праверыць, здаровыя ці не”.
“Гэта вельмі слушна з пункту гледжаньня продажу канфіскату... канфіскат – хоць калготкі ад дольчэ, хоць ноўт ад ташыбы, хоць абсалют... усю кантрабанду варта зьнішчаць і ні ў якім разе не пускаць у рэалізацыю... гэта зьменшыць чынавенскае бязладзьдзе”.
“Дзікая дзяржава, дзікія норавы. Абураны. Жывадзёры. У нармальнай дзяржаве пад суд пайшлі б, утылізатары”.
“А дзе факты, што птушкі былі заражаныя? Не, проста некаму было лянотна правяраць. А былі б яны абсалютна здаровымі, то лепей бы пааддавалі ў дзіцячыя дамы, садкі, школы – зрабілі б жывыя куткі. І птушкі жывыя б засталіся, і дзецям добра”.
Аляксандар Брэчэк у сваім блогу на сайце www.telegraf.by зьвяртаецца да тэмы стварэньня “лякальнага” інтэрнэту – адмысловых кампутарных сетак, якія ахопліваюць асобныя краіны і празь якія немагчыма выйсьці ў глябальнае сеціва. Такая сетка, напрыклад, існуе ў Паўночнай Карэі. Такім чынам, улады краіны кантралююць плыні інфармацыі і ажыцьцяўляюць цэнзуру. Нядаўна ў Расеі дэпутаты Думы выказвалі ідэі наконт стварэньня нацыянальнага дамэну рф – таксама ў мэтах цэнзураваньня інтэрнэту і адсячэньня расейскіх карыстальнікаў ад глябальнага сеціва. Меркавалася, што ў дамэнную зону рф могуць увайсьці ўсе краіны СНД... Аляксандар Брэчэк разважае: “...калі справа так пойдзе й надалей, то ўвесь сьвет можа падзяліцца на віртуальныя рэгіёны, якія не разумеюць і не ўспрымаюць адзін аднаго. Баюся, ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Цікава, у якім з гэтых рэгіёнаў апынецца Беларусь? Я толькі спадзяюся, што пакуль будуць рваць на кавалкі Глябальнае сеціва, чалавецтва пасьпее вынайсьці яшчэ нешта новае, непадуладнае “сувэрэнізацыі”, і ўвогуле бязь літараў”.
А на сайце “Беларуская жаба” зьявіўся новы каляж: закратаванае акно турэмная камэры, у якое глядзяць два вязьні. Адзін зь вязьняў, з твару падобны да міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, запытваецца ў свайго сукамэрніка: “А ты кім быў на волі?” Сукамэрнік адказвае: “Мы з Фёдарам прадпрымальнікамі былі, садавінай гандлявалі”.