З турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выходзяць арыштаваныя на 15 сутак удзельнікі акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня. Больш за дзьве тысячы чалавек тады выйшлі на Кастрычніцкую плошчу пратэставаць супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі.
Лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку выпусьцілі ў 12.30. Праз некалькі хвілінаў пасьля гэтага выпусьцілі Анатоля Шумчанку, лідэра аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Адміністрацыя выпусьціла Лябедзьку датэрмінова, на некалькі гадзінаў раней. Згодна з пратаколам, Анатоля Лябедзьку мусілі адпусьціць у 16.30.
Паводле правілаў турмы на вуліцы Акрэсьціна, адміністрацыя адпускае вязьняў выключна ў той тэрмін, які пазначаны ў судовай пастанове.
Сваякі і паплечнікі арыштаваных лічаць, што ўлады адмыслова пачалі выпускаць актывістаў раней, каб не дапусьціць масавага сходу і ўрачыстай сустрэчы вязьняў на волі.