Незалежнае выдавецтва “Кнігазбор” абвясьціла збор сродкаў на выданьне кнігі “Выбраныя творы” Рыгора Барадуліна.
Гэта чарговы том сэрыі “Беларускі кнігазбор”, які заплянаваны да друку сёлета. Удзел у выданьні кнігі народнага паэта Беларусі, вылучэнца на Нобэлеўскую прэмію, можа ўзяць кожны неабыякавы чалавек. Падрабязнасьці падае Галіна Абакунчык.
“Выбраныя творы” Рыгора Барадуліна будуць 42-томам у сэрыі “Беларускі кнігазбор”. Раней выйшлі кнігі Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, Янкі Брыля й іншых клясыкаў беларускай літаратуры. Збор сродкаў абвешчаны ўпершыню. Вось як гэта тлумачыць дырэктар недзяржаўнага выдавецтва Генадзь Вінярскі:
“Каб яе маглі набыць і студэнты, і выкладчыкі, у якіх ня вельмі вялікі заробак, неабходна зьніжаць сабекошт гэтай кнігі. А сабекошт можна зьнізіць толькі ахвяраваньнямі. Раней лягчэй было знайсьці фундатараў. Зараз – усё цяжэй і цяжэй. Таму мы вырашылі пайсьці гэткім шляхам”.
Аўтар кнігі, паэт Рыгор Барадулін, гэтак пракамэнтаваў ініцыятыву выдавецтва:
“Безумоўна, хацелася б, каб у такой паважнай сэрыі кніжка выйшла. Ну, а збор сродкаў – ну што ж.... Недзяржаўныя выдавецтвы – яны ж так і працуюць”.
Звароты да грамадзкасьці аб зборы сродкаў на друкаваньне кніг вядомых аўтараў у Беларусі – зьява ня новая. Гэтак жа кнігу Васіля Якавенкі выдаваў экалягічны зьвяз “Чарнобыль”, творы Анатоля Сыса таксама выдадзеныя на сродкі грамадзкасьці. Вось як гэта пракамэнтаваў намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч:
“Гэтак адбываецца з-за нашай беднасьці і з-за нашай сытуацыі. Бо ўсюды гэтым займаецца дзяржава і нават ідзе паперадзе. А ў нас дзяржаўныя выдавецтвы не займаюцца выданьнем твораў пэўных аўтараў. Таму ў 90-х гадах на тую ж самую “Сьцяну” Васіля Быкава гэтаксама зьбіраліся сродкі. Тады абвяшчалася, што гэты праект будзе працягвацца, што будуць выходзіць новыя кнігі, але ён перапыніўся. Незалежным выдавецтва цяжка самастойна выдаваць такую літаратуру. І таму я толькі вітаю ініцыятыву “Кнігазбору”. У нас цікавая літаратура, у нас ёсьць што выдаваць. Добра будзе калі гэты праект не перапыніцца, а будзе працягвацца і надалей. Думаю, што наш беларускі народ павінны падтрымаць гэтую ідэю”.
Дырэктар “Кнігазбору” Генадзь Вінярскі паведаміў, што ўсе ахвотныя прыняць удзел у гэтай важнай для беларускай культуры справе, могуць зьвяртацца на тэлефон выдавецкага прадпрыемства “Кнігазбор” 204-86-97.