Рыбакі напісалі А.Лукашэнку

Беларускія рыбакі просяць навесьці парадак з арэндаю рэк і азёраў. Яны зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі зь лістом, у якім скардзяцца на парушэньні закону ў сфэры платнага рыбалоўства.

Пад зваротам больш за 2600 подпісаў. Рыбакі заяўляюць, што арандатары пры арганізацыі платнага рыбалоўства на рэках бяруць вялізную плату толькі за права знаходзіцца на вадаёмах. Арандатары пры гэтым выконваюць толькі адну ўмову – устанаўляюць шыльды, што на дадзеным участку ракі лавіць рыбу можна толькі за грошы.

“Ні капейкі ні ўклалі і ўжо пачалі зьбіраць грошы, – расказвае рыбак зь Менску Ўладзімер. – Я мушу ведаць, за што я заплаціў. Зь мяне спрабуюць узяць грошы за тое, што яны нічога не зрабілі. А я зь Менску еду за 300 кілямэтраў”.

Да прыкладу, нацыянальны парк “Прыпяцкі” належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Ён мае два ўчасткі платнага аматарскага рыбалоўства. Адзін зь іх – ад возера Вусьце да возера Завехавое па Прыпяці з пойменнымі ставамі. На шыльдзе напісана, што кошт пуцёўкі на аднаго чалавека ў суткі зь берагу ці з лодкі складае 30 тысяч рублёў. А з лодкі з рухавіком – 50 тысяч. Злавіць на аднаго чалавека ў суткі можна ня больш за пяць кіляў.

“Ёсьць жа месцы, дзе і меншы кошт, – тлумачыць галоўны лясьнічы парку Ўладзімер Ракавец. – Калі ласка. Калі некага не задавальняе, якія пытаньні? Народу ў нас заўсёды многа, ніхто не скардзіўся. Уся арэндная плата, як і трэба, выплачваецца. Рыхтуецца ўказ прэзыдэнта аб перадачы ўчастку ў бязвыплатнае карыстаньне. Тым больш, што частка гэтага ўчастку працякае па нацыянальным парку”.

“Калі 32 кілямэтры ракі далі, дык дзе прыбіральню ставіць?”


Аднак рыбакі скардзяцца, што арандатары ігнаруюць свае абавязкі што да зарыбленьня вадаёмаў, будаўніцтва аўтастаянак, разьмяшчэньня бакаў для сьмецьця, біяпрыбіральняў.

Тэлефаную ў жыткавіцкае ПМК-97, якое арандуе значны ўчастак ракі Прыпяць. Мне адказалі:

“Вы ж разумееце, што калі 32 кілямэтры ракі далі, дык дзе прыбіральню ставіць?!”

Галоўны лясьнічы парку “Прыпяцкі” Ўладзімер Ракавец кажа:

“Ды вы б паглядзелі, што яны там твораць. Кожны тыдзень новую сьметніцу завозіш, яны іх разьбіваюць. У вогнішча кідаюць, паляць. Таму што такая культура ў іх саміх. Асабліва сёлета там кучу прыбіральняў нарабілі, па вясьне, пасьля сыходу паводкі ўсё будзе ўстаноўлена. Будуць навесы збудаваныя, стаянкі, вядома, усё будзе”.

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў патлумачылі, што кошт пуцёўкі ўстанаўляе арандатар. Аднак калі інфраструктура не абсталяваная, то за гэта могуць пазбавіць ліцэнзіі. Што датычыць зарыбленьня рэк, то гэта, як выяўляецца, не заўсёды мэтазгодна. Прадстаўніца міністэрства Натальля Казенка патлумачыла:

“Да прыкладу, судак, шчупак. Яны трымаюцца пераважна аднаго месца. Вось у гэтым выпадку зарыбленьне. А вось масавае зарыбленьне рэк, гэта грошы на вецер”.

“У рыбаловаў часта гавораць эмоцыі”

Аднак рыбакі пішуць у сваю газэту “Рыболов” і ў інтэрнэце. Да прыкладу, 30 салігорскіх рыбакоў паставілі свае подпісы пад кароткай заявай: ”Сьпіс аматараў рыбалкі супраць арэнды Прыпяці. Просім пачаць крымінальную справу за незаконную арэнду Прыпяці”. 50 работнікаў Менскага электратэхнічнага заводу заяўляюць, што трэба (цытую выданьне “Рыбалоў”) “катэгарычна забараніць здачу ў арэнду натуральных вадаёмаў і рэк”.

“Па той інфармацыі, якая паступае ад рыбаловаў, арандатары не заўсёды выконваюць умовы арэнднай дамовы, – гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Вялікі рыбалоўны інтэрнэт-клюб” Алег Закржэўскі. – Хаваюць частку ўлову. У нас узьнікае канфлікт з тымі арандатарамі, на вадаёмах якіх запасы рыбы падарваныя. Разумееце, у рыбаловаў часта гавораць эмоцыі. Ён паехаў на вадаём, рыбы не злавіў. Ён бачыць, што стаяць сеткі нейкія, нязначаныя. Каму яны належаць, сказаць складана. А паколькі вадаём у арэндзе, то стрэлкі пераводзяцца на арандатара”.

“Узаконенае дзяржавай браканьерства”

Як бы там ні было, але рыбакі скардзяцца. Мянчук Валеры вельмі абураны:

“Вазьмі ў арэнду, заплаці сьціплую плату. І можаш гэтымі сеткамі дубасіць бескантрольна колькі хочаш. Узаконенае дзяржавай браканьерства”.

Спадар Валеры звычайна едзе на рыбалку на некалькі дзён. І, натуральна, цэны такога адпачынку б’юць па кішэні. Асабліва не суадносныя з заробкамі тарыфы ў парку “Прыпяцкі”:

“Там, дзе я раней лавіў заўсёды, я там рос, вырас, дом мой там стаіць, я мушу плаціць, што я ўзяў у рукі вудачку. Злаўлю, не злаўлю, я гадзіну лаўлю ці суткі – ня мае значэньня. Трэба паехаць у іншы горад, набыць пуцёўку. Вярнуцца сюды. Потым паехаць у горад гэтую пуцёўку здаць. Гэта за адзін дзень, чорт ведае што”.

У Нараўлянскім раёне выдзелілі зону, ля чатырох кілямэтраў, для інтэнсіўнага, бясплатнага лову на Прыпяці. Аднак тут жа стаіць указальнік пра радыяцыйнае забруджаньне. Рыбак Валеры кажа:

“Атрымліваецца, бяры Божа, што мне ня гожа. Перад самым радыяцыйным запаведнікам. Дазволілі, атрымайце хлопцы. Рыбачце!”