Увечары міліцыя затрымала студэнта-выдатніка, другі раз адлічанага з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны.
Зьміцер выправіўся ў банк на вуліцу Чырвонаармейскую, каб атрымаць налічаную пасьля аднаўленьня ва ўнівэрсытэце стыпэндыю. Тут яго й перастрэлі міліцыянты спэцпрызначэньня.
Моладзевага актывіста даставілі ў апорны міліцэйскі пункт на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе абвінавацілі ў тым, што ён нібыта скраў нейкія грошы.
На дапамогу прыехала маці, якая й паведаміла пра чарговую правакацыю ў дачыненьні да яе сына.
Пасьля паўторнага адлічэньня з унівэрсытэту Зьміцер апошнія дні нікуды не выходзіў з прычыны дрэннага самаадчуваньня.
Заўтра раніцаю ён павінен на позву прыйсьці ў гарадзкі ваенкамат, дзе будзе канчаткова вырашацца пытаньне аб яго прызыве ў войска.
Раней на прызыўной камісіі Жалезьнічэнка заявіў, што хоча служыць у вайсковай часьці, дзе загады аддаюць па-беларуску. І сёньня ж моладзевы актывіст накіраваў заяву ў Канстытуцыйны суд з просьбай разгледзець на адпаведнасьць Канстытуцыі палажэньні Закону “Аб агульнай вайсковай павіннасьці і вайсковай службе”, згодна зь якімі ў салдатаў тэрміновай службы няма права карыстацца па ўласным выбары нацыянальнай (беларускай) мовай.