Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Юры Баранкоў выказаўся адносна магчымага датэрміновага вызваленьня палітычных вязьняў.
“Калі іхнія тэрміны падыдуць, тады і будзем вызваляць”, — адказаў Юры Баранкоў на пытаньне Радыё Свабода, ці ня выйдуць неўзабаве датэрмінова Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў і іншыя палітвязьні, як выйшаў учора на волю Зьміцер Дашкевіч.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч быў вызвалены 23 студзеня каля шостай гадзіны вечара. “Яшчэ ў тры гадзіны дня я ня ведаў, што мяне выпусьцяць. Мяркую, ня ведалі гэтага і ў калёніі. Усё вырашаецца ў іншым месцы”, — гэтак Зьміцер камэнтуе сваё датэрміновае вызваленьне.