Горацкія грамадзкія актывісты сабралі больш за пяцьсот подпісаў жыхароў раёну супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
У нядзелю падчас сустрэчы са старшынём райвыканкаму Міхаілам Анікеевым актывісты перададуць у райвыканкам першыя 518 подпісаў. Сабраныя подпісы адправяць таксама ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Гаворыць адзін з ініцыятараў збору подпісаў Эдуард Брокараў:
“Гледзячы па тым, як людзі падпісваюцца, большая частка горацкіх жыхароў супраць будаўніцтва станцыі. Людзі кажуць, што мы будзем зьбіраць подпісы і пратэставаць нават тады, калі будуць стаяць сьцены станцыі. Мы прынялі зварот да ўсіх разумных, сумленных людзей Беларусі з заклікам пачаць збор подпісаў, бо толькі разам мы зможам захаваць бязьядзерны статус Беларусі, які замацаваны ў Канстытуцыі”.
Адна зь меркаваных пляцовак для будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы.
Паводле афіцыйных паведамленьняў, распачаць будоўлю АЭС зьбіраюцца ўжо сёлета.