Наш грамадзкі рэдактар тыдня Мікалай Аўтуховіч – пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў у беларускіх калёніях.
Мы працягваем сэрыю ранішніх інтэрвію з грамадзкім рэдактарам тыдня – прыдпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам, якому нядаўна замянілі зьняволеньне ў менскай калёніі №1 на папраўчыя работы па месцы жыхарства. Гэтым разам журналіст Аляксандар Уліцёнак цікавіцца ва ўчорашняга вязьня пра ўмовы харчаваньня ў зоне.
Уліцёнак: “Галадоўка за кратамі вымушала вас да спэцыфічнага харчаваньня – удавалася яго атрымліваць?”
Аўтуховіч: “Як для гепатытчыка, панкрэатытчыка турэмная дыета мяне аніяк не задавальняла: яна падавалася тлустай і кіслай. Добра было толькі тое, што давалі малако і зранку – масла. А так тую ежу не ўжываў”.
Уліцёнак: “Ну а што тычыцца звычайнага харчаваньня ў звычайным паўсядзённым побыце?”
Аўтуховіч: “Людзі, якія прыяжджалі ў “адзінку” з баранавіцкай турмы, казалі, што там кормяць нашмат лепш. А хто пабываў у аршанскай турме, ужо лічылі райскай нашую сталоўку.
Чуў ад некага з турэмных начальнікаў краіны, нібыта ад новага году харчаваньне ў зоне палепшылася. Не пагаджуся: наадварот. Напрыклад, перасталі даваць курыныя яйкі – а раней два разы на тыдзень мы іх атрымлівалі. Хваляцца рыбай, аднак нас кармілі рыбай, так бы мовіць, “тэхнічнай”: хлопцы бачылі на ўпакоўках зь ёй надпіс: “Для кармленьня пушных зьвяроў”. У атрады прыносілі тыя этыкеткі, маўляў, глядзіце, вас не за людзей прымаюць. А за ваўкоў ці на штосьці падобнае…”
Уліцёнак: “А што тычыцца прадуктовай дапамогі ад сваякоў – хапае тых перадач?”
Аўтуховіч: “Раней вязьні атрымлівалі толькі восем кіляграмаў перадачы, а потым увялі 30 – праблем, такім чынам, лічыцца, няма.
Да таго ж майце на ўвазе, ёсьць яшчэ крама, дзе на харчаваньне можна траціць, здаецца, 170 тысячаў. А хто сядзіць не за цяжкія злачынствы, хто сябе добра паводзіць, наагул маюць магчымасьць атрымаць дадатковую пасылку. У звычайным жа рэжыме яна дазваляецца вязьню раз на чатыры месяцы. А “выдатнікам” на год могуць даць яшчэ дзьве дадатковыя”.
Уліцёнак: “Але ж вам, наколькі я ведаю, у гэтым сэнсе не асабліва шчасьціла?”
Аўтуховіч: “Мне не далі ніводнай дадатковай пасылкі”.
Уліцёнак: “Турма, калёнія, даруйце, здароўя дадаюць?”
Аўтуховіч: “Калёнія можа толькі адняць здароўе. Гэта ня той лягер, дзе адпачываюць. Тут лягер, дзе псуюць тваё здароўе…”