Пра што пісалі беларускія газэты 24 студзеня ў розныя гады мінулага.
* “Вечерний Минск”, год 1978. Малодшы навуковы супрацоўнік АН БССР А.Чуднікава тлумачыць: “Будучы ня ў стане нічога толкам растлумачыць пытліваму юнацкаму розуму, “духоўныя айцы” прымушаюць прымаць усе свае выдумкі на веру, не прапануючы аніякіх доказаў, апрача “сьвяшчэнных кніг”. Але ж усё гэта напісана людзьмі, якія стаялі на ніжэйшых прыступках разьвіцьця. Хіба яны разумелі жыцьцё больш выразна і глыбока, чым сучаснае пакаленьне? Вера ў бога — гэта цяжкая хвароба, аднак у наш час невылечных хваробаў няма!”
З нагоды выхаду першага нумару часопісу “Крыніца” “ЛіМ” на гэтым тыдні 1988 году адзначае: “Крыніца” з’явілася ў час, калі такім паняццям, як “пазіцыя друкаванага органа”, “лінія выдання”, “праграма” вяртаецца іх першапачатковы высокі сэнс, калі журналісцкае слова ачышчаецца ад шалупіння няпраўды. “Крыніца” з’явілася на тым адрэзку гэтага часу, калі залішне шырокавяшчальныя адозвы пачалі ўжо насцярожваць і высвятляецца, што крэдыт чытацкага даверу не бязмежны”.
* Са старонак “Народнай волі” ў 1998 годзе Юрый Захаранка тлумачыць: “Такіх, як Лукашэнка і ягоныя прыслугачы, я ніколі не баяўся і не баюся. У той час краіну ўжо паглынуў псыхоз, і маё знаходжаньне пры пасадзе было прадыктаванае неабходнасьцю абароны заканадаўчай і судовай улады ад самадурства... Мая пазыцыя падмацоўвалася наяўнасьцю на пасадах такіх прынцыповых і сумленных людзей, як М.Чыгір, В.Капітан і генэрал В.Кез, ня здольных на нізкія ўчынкі кшталту заявы генэрала-памежніка: маўляў, Павал Шарамет — злачынца”.