З. Дашкевіч: " Вяртаюся да актыўнага грамадзкага жыцьця"

Учора са Шклоўскай турмы датэрмінова вызвалілі палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Ягонае першае інтэрвію на волі – "Свабодзе".
Лідэр “Маладога фронту” ў лістападзе 2006 году быў асуджаны на паўтара гады зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Гэты тэрмін заканчваўся 15-га сакавіка. Але яго выпусьцілі датэрмінова. Сёньня ў ранішнім эфіры "Свабоды" мы аднымі зь першых павіншавалі яго з выхадам на волю.

Каліноўскі:
"Зьміцер, якія вашыя першыя адчуваньні на волі?"

Дашкевіч:
"Безумоўна, ёсьць крыху хваляваньне, а так – я рады, што раней тэрміну на 2 месяцы маю магчымасьць вярнуцца да актыўнага грамадзкага жыцьця".

Каліноўскі: "Нейкія зьмены ў жыцьці на волі за апошні год вы ўжо заўважылі?"

Дашкевіч: Ды не, не асабліва. Толькі шашу бачыў начную і сяброў..."
Каліноўскі: Вас вітаюць і нашыя слухачы. Вось некалькі іх смс-паведамленьняў:
"Дзякую за iнфармацыю. З вашай дапамогай сачыў за жыцьцём Зьмiцера ў няволi. Ён трымаўся вельмi годна. Сапраўдны беларускi патрыёт. Рады ягонаму вызваленьню. Добрага табе здароўя, Зьмiцер! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! Лявон".
"Вельмі радая за Ддзіму Дашкевіча, жадаю здароўя, радасьці і шчасьця ў коле сям'і. Галіна з Магілёва".
"Віншую З. Дашкевіча з вызваленьнем. Жадаю бадзёрасьці і нязломнасьці ў барацьбе за свабоду. З павагай Анатоль".
Дашкевіч: "Я вельмі ўдзячны і Радыё Свабода і вашым слухачам за тую няспынную падтрымку, якую вы аказвалі мне".

Каліноўскі:
"Зьміцер, а вы спадзяваліся вы на датэрміновае вызваленьне?"

Дашкевіч:
"Я не думаў аб гэтым, бо зь юрыдычнага боку ніякіх падставаў для датэрміновага вызваленьня не было. Ды і маё вызваленьне ня ёсьць датэрміновым, вызвалены быў я паводле рашэньня Вярхоўнага суда за 22 студзеня. Паводле гэтага рашэньня мне паўтара гады зьняволеньня замянілі на год".

Каліноўскі:
"А чаму Вярхоўны суд узяўся пераглядаць гэтую справу больш чым праз год пасьля прысуду?"
Дашкевіч: "Я не маю паняцьця. Мяне не інфармавалі. Учора мяне выклікалі і сказалі: "Мы павінны вас вызваліць", паказалі дакумэнты. Калі я запытаўся, а дзе ж 4 месяцы падзеліся, якія я перасядзеў, мне сказалі, што не ведаюць і што вымушаныя выпусьціць датэрмінова".
Каліноўскі: "Можаце сказаць, што вас адміністрацыя выпусьціла з задавальненьнем?"
Дашкевіч: "Мяркую, што так, бо ў іх зашмат было галаўнога болю з-за мяне".
Каліноўскі: "Ці згодныя вы з думкай іншага былога палітвязьня Міколы Статкевіча, што вашае вызваленьне – гэта нейкі знак уладаў Эўропе?"
Дашкевіч: "Безумоўна, я згодны са спадаром Статкевічам, што гэта ёсьць пэўным гандлем, таму што поўнай лібералізацыі жыцьця ў Беларусі мы не назіраем. Адных выпускаюць, другіх саджаюць... Таму, як і ў мінулых выпадках, мы можам назіраць тут пэўную гульню з Захадам і Расеяй".
Каліноўскі: "Паступіла таксама заява Аляксандра Мілінкевіча з нагоды вызваленьня Змітра Дашкевіча:
"Ягоная непахісная вера і адданасьць Беларушчыне, а таксама высокі маральны супраціў несправядлівасьці вартыя перайманьня. Вызваленьне Зьмітра стала магчымым у тым ліку дзякуючы ціску незалежнага грамадзтва ды міжнароднай супольнасьці на ўлады Беларусі.
Аднак датэрміновае вызваленьне Зьмітра Дашкевіча і Міколы Аўтуховіча аніякім чынам не зьмяншае антынародны паліцэйскі характар палітычнага рэжыму ў краіне.
Пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні: Артур Фінькевіч, Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Юры Лявонаў і нядаўна асуджаны Аляксандр Здзьвіжкоў, пакуль ня спыніцца молах палітычных рэпрэсіяў супраць іншадумцаў, а найперш палітычна актыўнай моладзі, журналістаў і прадпрымальнікаў, а таксама пакуль не будуць гарантаваныя правы беларусаў на свабоду слова, сходаў, аб’яднаньняў і сумленьня, незалежнае беларускае грамадзтва павінна надалей дзейнічаць і салідарна змагацца за свабоду, праўду і справядлівасьць у нашай краіне".
Каліноўскі: "Зьміцер, што вы зьбіраецеся рабіць на волі? У бліжэйшай і аддаленай пэрспэктыве?"

Дашкевіч:
"Я зьбіраюся займацца тым, што і рабіў. Сёньня будзе праведзеная прэсавая канфэрэнцыя, на якой мы агучым нашыя пляны на будучыню і будзем працаваць у імя Госпада і Беларусі".
Каліноўскі: "Такім чынам пасьля турмы вы дзейнасьць мяняць ня будзеце?"
Дашкевіч: "Я яе і не спыняў. Як мог, падтрымліваў сваіх сяброў лістамі, быў у курсе ўсіх навінаў. Таму лічу, што быў у працэсе".

Каліноўскі:
"Адчувалі вы ў турме падтрымку з волі? Даходзіла да вас салідарнасьць беларускага і міжнароднага грамадзтва?"
Дашкевіч: "Безумоўна даходзіла, можа, не ў такім вялікім аб'ёме, але я на працягу ўсяго свайго тэрміну быў вельмі ўражаны аграмаднай грамадзкай падтрымкай, якая ажыцьцяўлялася і ўрэшце, мяркую, што яна сталася падставай майго датэрміновага вызваленьня".
Каліноўскі: "А што вас найбольш кранула?"
Дашкевіч: "Найбольш мяне закранула самаахвярнасьць маладафронтаўцаў. Калі на першым этапе свайго зьняволеньня я яшчэ хваляваўся, як там мае сябры будуць, то праз некалькі месяцаў я зразумеў, што Малады фронт не толькі не паслабеў ад гэтых усіх арыштаў, а наадварот,– пасталеў, ўзмацніўся, набраўся досьведу, сілы і веры".
Каліноўскі: "Як да вас ставіліся ў турме, было ў адміністрацыі нейкае разуменьне, што вы палітычны вязень?"

Дашкевіч:
"Было, хаця імкнуліся мяне трымаць пад найбольш пільным кантролем. Гэта адбывалася таму, што часта прыязджалі чэкісты, накручвалі адміністрацыю калёніі. А так адносіны адміністрацыі, асуджаных былі цалкам нармальнымі".
Каліноўскі: "Як паўплывала турма на вашае здароўе?"

Дашкевіч:
"Ніякім чынам не паўплывала. Мне сказалі нават, што я стаў лепей выглядаць, паправіўся, толькі здароўя набраўся. Я працаваў на тартаку, цягаў бярвеньне і дошкі. Нармальная парца, большасьць беларусаў так працуе".
Каліноўскі: "Вы дастаткова былі абазнаныя ў тым, што адбывалася ў краіне? Пра акцыі прадпрымальнікаў і арышты, напрыклад?"

Дашкевіч:
"Аб акцыях прадпрымальнікаў ведаюць усе, таму што да асуджаных едуць родныя, сябры, якія ім гавораць, што не могуць набыць прадуктаў. Асабліва гэта адчуваецца паза Менскам. І, безумоўна, вельмі шмат людзей аб гэтым гавораць і гэта ёсьць адным з фактараў хуткіх пераменаў у Беларусі".
Каліноўскі: "Аднаго з вашых паплечнікаў, які адбываў пакараньне "на хіміі", Артура Фінькевіча, нядаўна засудзілі да 1,5 гадоў турмы... Уціск іншых актывістаў Маладога фронту працягваецца. Якая будучыня ў Маладога фронту?
Дашкевіч: "Мяркую, што Малады фронт будзе працягваць актыўную грамадзкую дзейнасьць і за паўтара гады гэтых няспынных судовых працэсаў, крымінальных справаў, Малады фронт засьведчыў, што зьяўляецца адным з рухавікоў пераўтварэньняў у Беларусі.
Слухачам Свабоды я яшчэ раз хацеў бы выказаць вялікую падзяку за падтрымку, за лісты, за вашую веру, і заклікаў бы ніколі не губляць надзеі, нават у самых цяжкіх выпрабаваньнях гасподзь засьведчвае, што ён любіць нас і нашую зямлю".