Старшыня Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка зазначыў, што у 2007 годзе ў касьцёлах Беларусі працавалі 398 сьвятароў.
Сярод іх 180 замежнікаў, пераважна з Польшчы. Ён таксама сказаў, што дзьве каталіцкія сэмінарыі падрыхтавалі пакуль што 165 ксяндзоў, таму праблема забесьпячэньня парафій сьвятарамі-грамадзянамі Беларусі ня вырашаная. Наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Астраўцоў паспрабаваў высьветліць, чаму нельга павялічыць выпуск ксяндзоў?
Гарадзенскі ксёндз Аляксандар Шэмет мяркуе, што чыноўнікі хочуць паказаць, што быццам бы дзяржава клапоціцца аб усім. Хоць касьцёл не зьяўляецца дзяржаўнай структурай, зазначае ён.
Гарадзенскі ксёндз Аляксандар Шэмет мяркуе, што чыноўнікі хочуць паказаць, што быццам бы дзяржава клапоціцца аб усім. Хоць касьцёл не зьяўляецца дзяржаўнай структурай, зазначае ён.
“Да чаго вядзе іхняя думка? Тут не патрэбны сьвятары з-за мяжы, тут павінна хапіць сваіх. А калі сваіх яшчэ не хапае, ну дык бярыце, хапайце быццам бы з вуліцы абы-каго — якога трактарыста, якога шафёра, каго-небудзь, падвучыце іх некалькі месяцаў, яны будуць сьвятарамі. Маё меркаваньне, што няма ніякага страху вялікага, таму што пакліканьні па колькасьці не заўсёды аднолькавыя ў суадносінах да працэнтаў, да кожнага году, які ўжо мінуў. Гэта справа Божая”.
Гарадзенская вышэйшая каталіцкая сэмінарыя была створана ў 1990 годзе.
Той, хто паступае на вучобу, здае экзамэны, але конкурсу не існуе і няма канкрэтнай лічбы набору, як у дзяржаўных ВНУ. Таму ў некаторыя гады паступалі толькі дзесяць-дванаццаць чалавек. Цяпер на першым курсе шаснаццаць навучэнцаў. Рэктар сэмінарыі Юзаф Станеўскі кажа, што ў ролі ксяндза бачыць сябе ня кожны нават з тых маладзёнаў, якіх яны запрашаюць наведаць сэмінарыю.
“Мы робім для іх такія “дні задумы”, рэкалекцыі гэтак званыя — для моладзі, для хлопцаў, каля ста чалавек прыяжджае. Іншымі словамі, гэта дзень адчыненых дзьвярэй, каб яны пазнаёміліся з сэмінарыяй, з жыцьцём у ёй і абавязкамі будучага сьвятара. У сваім часе ў нас было 136 студэнтаў, жылі на калідоры і гэта можа сьведчыць аб тым, што мы можам любую колькасьць прыняць”.
Ксёндз-рэктар дадае: каб сьпячы булку, проста муку ў печ не паставіш, кажа ён.
“Трэба яе замясіць, і малака даліць, і дражджэй дадаць, і сьмятаны, і масла. Каб сапраўды атрымалася булка. І са сьвятарамі так. Падрыхтоўка мусіць быць, ня столькі інтэлектуальная, бо там можна экстэрнам, але духовая, бо гэта на цэлае жыцьцё. Таму гаварыць аб тым, каб паскорыць працэс, немагчыма яго паскорыць”.
Праўда, адбылася зьмена: на першым курсе толькі адзін выпускнік вясковай школы, астатнія ўсе гарадзкія: з Горадні, Ваўкавыска, Ашмянаў, Ліды. Раней вясковых была палова.
“Кожная парафія павінна мець сьвятара. І так лічыцца, што на тысячу вернікаў павінен быць ксёндз. Каб мог нармальна абняць душпастырскім клопатам, бо і хрысьціны, і шлюбы, і катэхізацыя, і да хворых трэба. Ну, але ў нас гэта яшчэ невядома калі будзе”.
Невядома, таму што доўга не існавала сваёй сэмінарыі і немагчыма хутка запоўніць лакуну, якая стваралася дзесяцігодзьдзямі, зазначае ксёндз-рэктар.
“Каб было пакліканьне, трэба маліцца, каб людзі маліліся, каб хапіла сьвятароў, каб не гаварылі, што няма. А дзе ж іх возьмеш? Сам мусіць у сэрцы адчуць пакліканьне. А не да кожнага сэрца Бог патрапіць дастукацца. Стукае-стукае, а там глуха. Ну, добра, з Богам!”
Тэрмін навучаньня ў вышэйшай каталіцкай сэмінарыі — шэсьць гадоў. Апроч гарадзенскай, існуе таксама сэмінарыя ў Пінску, яна адкрыта ў 2000-м годзе.