400 чалавек на Магілёўшчыне памерлі ў 2007 годзе, атруціўшыся сурагатным алькаголем.
У Магілёўскім наркалягічным дыспансэры кажуць, што найбольш труцяцца такім алькаголем людзі ў памежных з Расеяй раёнах Магілёўшчыны. Днямі абласная управа міліцыі праз улёткі зьвярнулася да жыхароў вобласьці па дапамогу ў выяўленьні месцаў, дзе незаконна гандлююць алькаголем.
Ва ўлётках, расклееных каля харчовых крамаў ды рэстарацыяў, міліцыянты просяць грамадзян паведамляць пра людзей, якія гандлююць алькагольнымі напоямі або ўвозяць іх, і пра месцы такога гандлю на тэлефон “гарачай лініі”.
У абласной управе міліцыі паведамілі “Свабодзе”, што “гарачая лінія” працуе ўжо два гады. Паведамленьняў за гэты час было шмат, і бальшыня зь іх пацьвердзілася:
Тут і гандаль сьпіртам, які з Расеі прывозяць, тут і гарэлка расейская.
Паводле дзяжурнага, два гады таму, калі лінія толькі зьявілася, незаконныя месцы продажу алькаголю выяўлялі пераважна ў Магілёве, цяпер іх шмат і ў раёнах.
А што пра незаконны гандаль алькаголем думаюць магілёўцы? Вось некаторыя меркаваньні:
“У нас дужа шмат выпускаецца розных напояў, ад якіх людзі потым пакутуюць, мерзнуць і гэтак далей. Ведаеце, у нас шмат чаго прадаюць, і людзі ведаюць, што карыстацца гэтым нельга. Грошы, толькі грошы. Калі чалавек ведае загадзя, што гэта дрэннае, і набывае, я гэтага зразумець не магу”, — выказаўся спадар, які кажа, што ніколі не набываў незаконнага алькаголю.
Спадарыня пачала адказваць на пытаньне пра алькаголь гэтак: “Шмат выпадкаў, вось па тэлевізары паказваюць, што ў бальніцы людзі ляжаць з жоўтымі вачыма. Прыбытак, нажыва, напэўна”.
Карэспандэнт: “А міліцыі ці дапамаглі б?”
Спадарыня “Не, канечне, каб мяне потым злавілі”.
Другая спадарыня лічыць гэтак: “Я такога не ўжываю. Я думаю, што праблема актуальная, бо па тэлевізары паказваюць, у навінах. Грошы, іншай матывацыі я ня бачу”.
Карэспандэнт: “А міліцыі ці дапамаглі б?”
Спадарыня: “Калі б гэта закранула маю сям’ю або маіх знаёмых — можа, так. Пакуль мяне гэта ня тычыцца, дык не”.
У Магілёўскім наркалягічным дыспансэры кажуць, што летась ад ужываньня няякаснага алькаголю памерлі 400 чалавек. Праблема гэтая найбольш актуальная для раёнаў, якія мяжуюць з Расеяй.
Атручэньні ідуць праз ужываньне вадкасьцяў, якія ўтрымліваюць сьпірт і якія пастаўляюцца з Расеі, у тым ліку й незаконна.
У 2007 годзе ў аддзяленьне таксыкалёгіі магілёўскай гарадзкой бальніцы хуткай дапамогі з дыягназам “атручэньне сурагатным алькаголем” паступіла 702 чалавекі.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на Магілёўшчыне на дыспансэрным уліку наркалягічных службаў знаходзяцца 23 тысячы чалавек. У параўнаньні з 2002 годам хворых на алькагалізм стала амаль у паўтара раза болей.
Спажываньне абсалютнага алькаголю ў параўнаньні з 1995 годам павялічылася зь сямі літраў на чалавека да амаль дзевяці з паловай літраў.