Cёньня ў Давосе, горным курортным мястэчку ў Швайцарыі, адкрыўся Ўсясьветны эканамічны форум.
У форуме бяруць удзел палітычныя лідэры, вядомыя эканамісты, бізнэсоўцы, людзі навукі і мастацтва. Яны абмяркуюць глябальныя праблемы і паспрабуюць спрагназаваць разьвіцьцё ўсясьветнай эканомікі на гэты год. Тым часам апошнія падзеі на рынках даюць падставу для змрочнага прагнозу – сьвет чакае эканамічны спад.
Штогод на пяцідзённую фэерыю ў швайцарскія Альпы прыяжджаюць каля 2500 чалавек, якія знаходзяцца на вяршыні сваіх прафэсіяў. Сёлетні форум адкрываецца праграмнай прамовай дзяржаўнага сакратара ЗША Кандалізы Райс. Сьпіс удзельнікаў нагадвае энцыкляпэдыю “Хто ёсьць Хто”. Тут і прарок зьмены клімату Эл Гор, і змагар з голадам рок-зорка Боно, і пакістанскі прэзыдэнт Пэрвэз Мушараф, і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, і кіраўнік кампаніі “Майкрасофт” Біл Гейтс. Усяго ў Давосе сабралася 28 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў. А сустаршынямі на сёлетнім форуме будуць Тоні Блэр і Генры Кісынджэр.
Шампанскае астуджаецца, гелікоптэры чакаюць аматараў горных лыжаў, каб падняць іх на горныя схілы. Але арганізатары форуму абвяргаюць меркаваньне, што форум ёсьць проста сьвятам багатых і знаных. Іхняя думка ў тым, што гэта адзін зь нямногіх выпадкаў, калі мысьляры і дзеячы зьбіраюцца разам, каб акрэсьліць бягучыя глябальныя праблемы і вызначыць найлепшыя шляхі іх вырашэньня.
Прадстаўнік кіраўніцтва форуму Марк Адамс таксама падкрэсьлівае, што форум рэальна дапамагае рэальным людзям у рэальным сьвеце:
“Мы забясьпечылі кампутарамі і вучэбнымі праграмамі 50 тысяч школьнікаў у Ярданіі, тое самае мы зрабілі і для двух з паловай мільёнаў дзяцей у Эгіпце, мы прынесьлі электрычнасьць у многія афрыканскія вёскі, таксама электрыфікавалі 70 тысяч дамоў у Лесота, праект барацьбы са СНІДам у Кітаі таксама наш. Усё гэта істотна зьмяніла жыцьці звычайных людзей”.
Марк Адамс падкрэсьлівае, што Давос зьяўляецца толькі штогадовым сходам арганізацыі, якая працягвае працу цягам году, увасабляючы ў жыцьцё ініцыятывы ў ахове здароўя, адукацыі, забесьпячэньні інфармацыйнымі тэхналёгіямі бедных людзей.
Сярод найбольш важных тэмаў, якія абмяркоўваюцца ў Давосе сёлета – вада, як ашчадна і плённа выкарыстоўваць гэты каштоўны рэсурс. І, натуральна, абвал на міжнародных рынках надае асаблівую вастрыню дыскутаваным эканамічным і фінансавым праблемам.