У Менску адкрылася выстава мастакоў Армэніі

Імпрэза адбылася паводле ініцыятывы і на сродкі навукоўца й бізнэсмэна з гораду Алавэрды Саака Антанісяна. Ён марыць пабудаваць у Гомелі мастацкую галерэю.



Выстава адкрылася пад музыку струннага квартэту і з дабраслаўленьня настаяцеля парафіі Маці Божай Ружанцовай, айца Генадзя Кухарэвіча. Побач з кнігамі цяпер тут разьмешчаныя больш за 200 работ з краявідамі Арменіі. 14 мастацкіх палотнаў Саак Антанісян пакідае бібліятэцы імя Якуба Коласа ў падарунак. Мэцэнат кажа, што Беларусь для яго – краіна асаблівай любові і вось чаму:
“Беларусь я люблю, бо ў Беларусі мая кроў. У Беларусі у 1943 годзе, падчас пераправы праз Сож у Гомелі, загінуў мой дзед, салдат савецкай арміі Антанісян Саак Ягоравіч. Я гатовы пабудаваць у Навабеліцы мастацкую галерэю, падарыць з уласнай калекцыі 250 палотнаў вядомых мастакоў, а пры галерэі пабудаваць залю клясычнай музыкі. Калі гэтая галерэя будзе насіць імя майго дзеда, салдата, які загінуў за гэтую зямлю”.

Як паведаміў Саак Антанісян, з такой прапановай да гомельскіх ўладаў ён зьвяртаўся яшчэ два гады таму, калі праводзіў у горадзе сваю першую выставу. Аднак і да сёньня адказу не атрымаў. Вось як гэта пракамэнтавала загадчыца аддзелу культуры адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомеля Антаніна Шпанькова:
“Наша кіраўніцтва за гэтую ідэю абедзьвюма рукамі, але горад ня вельмі нас падтрымлівае. Калі мы праводзілі ў раёне вось гэтую выставу армянскіх мастакоў, то яны сказалі, маўляў, што гэта вы адкрылі выставу і з горадам не ўзгаднілі. Нібыта гэта нейкае злачынства. А гэта было б цудоўна. Я, да прыкладу, працую ў раёне 26 гадоў, і ўсе 26 гадоў мару, каб у раёне была свая карцінная галерэя. Мы ўжо і месца вызначылі ў цэнтры раёну, вельмі добрае, але горад нас неяк застапарыў”.
Арганізатар выставы Саак Антанісян перадае загадчыцы бібліятэкі Людміле Калядзе дыплёмы і карціны


Як паведамілі ў Саюзе мастакоў, буйныя выставачныя залі, акрамя Менску, сёньня маюць абласныя гарады, Полацк, Сьветлагорск, Мазыр і некаторыя іншыя. Аднак гэта вельмі мала для Беларусі, кажа намесьнік старшыні, мастак Рыгор Сітніца:
“Тое, што мы сёньня маем, па-першае, яго вельмі мала, а па-другое, гэта не адпавядае патрабаваньнем сёньняшняга часу. Вельмі шмат праблемаў, якія трэба вырашаць. Таму я лічу, што ініцыятыва кожнага чалавека, які пашырае культурную прастору, павінна сустракаць разуменьне з боку людзей, якія такія рашэньні прымаюць. Бо ўсё гэта працуе на імідж нацыі, на імідж краіны. А нам вельмі неабходна паляпшаць свой імідж”.