Аляксандар Зьдзьвіжкоў ужо болей за два месяцы сядзіць у спэцтурме КДБ — “амэрыканцы”, прызначанай для абвінавачаных у асабліва цяжкіх злачынствах.
Ён там, дзе быў і раней – у ізалятары КДБ
Дзе зараз трымаюць Аляксандра Зьдзьвіжкова, якога 18 студзеня пакаралі трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму? Гэтае пытаньне я задаў адвакатцы Маі Аляксандравай, якая абараняла журналіста ў судзе.
“Ён там, дзе быў і раней – у ізалятары КДБ”.
Адметна, што ў прэсавых службах КДБ і Генэральнай пракуратуры ня кажуць, дзе трымаюць Зьдзьвіжкова. У КДБ спасылаюцца на тое, што справу супроць Зьдзьвіжкова завяршала генпракуратура, а там прапануюць зьвярнуцца да іх зь пісьмовым запытам.
Нагадаем, працэс над Аляксандрам Зьдзьвіжковым праходзіў у Менскім гарадзкім судзе і пасьля першага перапынку стаў закрытым. Аднак журналіст пасьпеў паведаміць, што яго ўжо два месяцы трымаюць у “амэрыканцы” і не дапускаюць да яго адваката.
Адвакатка Мая Аляксандрава, якая паведаміла пра месца ўтрыманьня журналіста, распавяла: за час пасьля суду касацыйная скарга на прысуд яшчэ не пададзеная, аднак падавацца будзе. Што да ўмоваў утрыманьня Аляксандра Зьдзьвіжкова, адвакатка кажа толькі пра тое, што яе падабаронны ні на што ня скардзіўся.
У Барысаве ў Аляксандра Зьдзьвіжкова жыве маці. Паводле зьвестак, жанчына прыяжджала на суд, але паколькі працэс закрылі, зьехала дамоў, так і не пабачыўшы сына.
Ён ведаў, што на яго ідзе паляваньне
Сябра Аляксандра Зьдзьвіжкова, актывіст з Барысава Алесь Абрамовіч згадаў сваю апошнюю сустрэчу зь ім на волі. Гэта было летась у жніўні ў Барысаве. Аляксандар Зьдзьвіжкоў распавядаў пра тое, як зьехаў зь Беларусі спачатку ў Маскву, потым у Кіеў, жыў у манастыры, пісаў кнігу, урыўкі зь якой прачытаў свайму сябру. “Гэта кніга ў жанры дэтэктыву, пачутае мне вельмі спадабалася”, — кажа Алесь Абрамовіч. Казаў Аляксандар Зьдзьвіжкоў і пра тое, што на яго палююць беларускія спэцслужбы.
“Ён ведаў, што на яго ідзе паляваньне. Казаў, што супрацоўнікі КДБ і міліцыя прыплачваюць ягоным суседзям, каб тыя паведамілі, як толькі ён прыедзе дамоў. Потым ён купіў білет і зьехаў у Маскву, а празь пяць месяцаў я даведаўся пра суд над ім”.
Вядома, што арыштавалі Аляксандра Зьдзьвіжкова ў Барысаве, куды ён прыехаў, каб наведаць магілу бацькі.
Паводле зьвестак Алеся Абрамовіча, у Аляксандра Зьдзьвіжкова ёсьць дарослая дачка, якая жыве ў Казахстане. На жаль, пагутарыць са сваякамі журналіста пакуль што не ўдалося.