Міністэрства эканомікі прыняло пастанову “Аб гранічных максымальных адпускных цэнах на газы звадкаваныя”.
Дакумэнтам прадугледжваецца павелічэньне на 10% адпускных цэнаў на звадкаваны газ для камунальна-бытавога спажываньня і на 30% — для аўтамабільнага транспарту.
Павышэньне коштаў абумоўлена значным ростам у 2007 годзе цэнаў на сыравіну, якую закупляюць у Расіі для выпуску звадкаванага газу, а таксама стратнасьцю гэтай вытворчасьці. Таму Міністэрства эканомікі Беларусі вымушанае ісьці на такія крокі, кажа намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур:
“Так, цэны ў краіне зацьвярджаем мы, але ж цэны на газ вызначае Расейская Фэдэрацыя”.
Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак зьдзіўлены такой імклівай дынамікай росту цэнаў на паліва — 10% для бытавога спажываньня і 30% для аўтатранспарту:
“Гэта сьведчыць пра тое, што эканоміка Беларусі вельмі цяжка хварэе. Магчымасьці Беларусі што да экспарту сваіх тавараў будуць значна скарачацца. Гэта будзе адбівацца ня толькі на тых таварах, якія ідуць у далёкае замежжа, але і на тых, якія ідуць у краіны Балтыі, Расею, Украіну. Трэба чакаць, што і на нашым унутраным рынку абароты таксама будуць скарачацца. Цэны на ўсе тавары будуць расьці”.
Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама зьвязвае рост кошту на газ з тым, што краіна пачала выкупляць газ па больш высокіх коштах:
“Гэта яшчэ не апошняя цана, гэта яшчэ далёка не ўсясьветная цана. Нам трэба падрыхтавацца да таго, што цягам наступных трох-чатырох гадоў цэны на газ, энэрганосьбіты ўвогуле будуць павышацца. Хатнія гаспадары, якім рост заробкаў ня будзе гарантаваны, вымушаныя будуць зацягваць паясы або інвэставаць у энэргаашчадныя тэхналёгіі, мяняць вокны — або зьмірыцца, што за газ, за электраэнэргію, за цёплую ваду мы будзем плаціць больш”.
Новыя цэны вызначаныя, у прыватнасьці, на звадкаваныя газы, якія вырабляюцца РУП ВА “Беларуснафта”, ААТ “Мазырскі НПЗ”, ААТ “Палімір” і прызначаюцца для рэалізацыі ў Беларусі.
Як паведамілі ў службе прыёму заказаў “Гаргазу”, балён звадкаванага газу каштуе для спажыўца пакуль яшчэ 26090 рублёў — гэтая цана трымаецца роўна год. Але чакаюць новых тарыфаў. Звадкаваным газам карыстаецца амаль усё сельскае насельніцтва Беларусі, а таксама жыхары прыватнага сэктару гарадоў і дачнікі.