“У Беларусі ўжо столькі хлусьні, што далей немагчыма!”

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 22 студзеня, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


У Менску адбылася новая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якая чарговы раз была гвалтоўна разагнана супрацоўнікамі міліцыі. Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў асабіста кіраваў разгонам дэманстрацыі на плошчы Незалежнасьці. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Чарговы раз была разагнана акцыя прадпрымальнікаў. Адметна тое, што сёньня разгонам кіраваў сам таварыш Навумаў. Адзін яскравы эпізод, які я сам бачыў: зусім маладую і танклявую дзяўчынку схапілі чатыры галаварэзы каля гатэлю “Мінск”, схапілі толькі за тое, што яна кінула яму нейкую рэпліку. Гэта дэмакратыя па-беларуску!”

Спадар: “Улада для прадпрымальнікаў зноў зрабіла так званы “сюрпрыз” з 1 красавіка. “Сюрпрыз” гэты ў тым, што нельга будзе гандляваць абуткам. Гэта будзе доўжыцца і далей: сюрпрыз за сюрпрызам. Дзякуй”.

Спадар: “Лукашэнка хоча ліквідаваць дробнае прадпрымальніцтва дзеля інтарэсаў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ён потым аддасьць, ці ўжо аддаў, расейцам”.

Спадар: “Зьдзіўляе хлусьня маленькіх нуварышаў ад спэкуляцыі. Ім ёсьць за што лямантаваць. Сплывае тлусты кавалак, які быў зароблены чужою працай безабаронных найманых працаўнікоў. Ваш час скончыўся. Вы мімікравалі ў грамадзтве, і яно сёньня ня з вамі. Так вам і трэба!”

Анастас Семяновіч: “Шаноўныя спадары прадпрымальнікі, я вас цалкам падтрымліваю і лічу, як і лічыў, што вы маеце рацыю на 100%. Вы, таварыш Навумаў, пужаеце народ, што іх усіх будуць судзіць, таму што яны ня любяць гэтую ўладу. А як яе можна любіць, калі большая частка народу галадае?!”

Ларыса, Менск: “Паслугамі дробнага бізнэсу карыстаюцца пэнсіянэры і тыя, у каго невялікія заробкі. Таму гэтая катэгорыя насельніцтва іх і падтрымлівае. Пра вялікі бізнэс гаворкі найменш, бо ён, гэты бізнэс, знаходзіцца пад нейкім іншым “дахам”. І яшчэ хачу запытацца, чаму да гэтых людзей ня выйшаў начальнік па бізнэсу, а выйшаў Навумаў і іх разагнаў”.

На пытаньне адказвае каардынатар праваабарончага руху “Беларусь”, бізнэсовец Ігар Леднік:

“Нічога чыноўнікі не вырашаюць, нават на ўзроўні міністраў. Калі мы праводзілі перамовы, то яны казалі, што ўсё вырашаецца ў Адміністрацыі прэзыдэнта. А калі людзі зь нечым ня згодныя, як прадпрымальнікі, тады Навумаў і астатнія ўзначальваюць сілавыя акцыі”.

Кіраўніцтва краіны прыняло рашэньне будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар: “Паважаныя слухачы! Хачу выказаць сваю думку наконт будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. Паколькі прынятае палітычнае рашэньне па гэтым пытаньні, скажу толькі адно: у сьвеце створана ўжо шмат атамных станцыяў, але ўзарвалася толькі адна. Яна была там, дзе палітычны ціск ня ўлічваў пытаньняў бясьпекі”.

Спадар: “Мяне насьцярожвае тое, што наш прэзыдэнт вельмі сьпешна вырашыў самастойна будаваць АЭС. І гэта вельмі трывожыць.”

Працягваем праграму яшчэ адным пытаньнем слухача:

Васіль Бараноўскі, Рэчыца: “Добры дзень, “Свабода”! Скажыце, калі ласка, як паўплывае абвал сусьветнай эканомікі, фондавых рынкаў на эканоміку “квітнеючай” Беларусі?”

Адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Паўплывае і на Беларусь. Бо зьніжэньне попыту на рэсурсы ў сьвеце азначае зьніжэньне кошту на мэталы, нафтапрадукты. Зьнізяцца кошты на нафтапрадукты, на мэталы — зьнізяцца паступленьні ў бюджэт Беларусі. І гэтак далей”.

І на заканчэньне — думка нашай сталай слухачкі:

Спадарыня: “У нас у Ваўковічах ёсьць царква. У суботу вось было Хрышчэньне. Такі моцны дождж! І наша царква абвалілася. Нам абяцаюць новую царкву, але гэтыя абяцанкі цягнуцца ўжо цэлы год. Такая несумленнасьць! Спыняйце ўжо гэтую хлусьню! У Беларусі ўжо столькі хлусьні, што далей немагчыма!”