Працягваецца імклівае падзеньне на сусьветных фондавых рынках.
21 студзеня на эўрапейскіх фондавых рынках адбыўся наймацнейшы за апошнія гады абвал. У Парыжы, Лёндане й Франкфурце каціроўкі вядучых кампаніяў зьнізіліся на 6—7 працэнтаў з прычыны трывожных чаканьняў эканамічнага спаду ў Злучаных Штатах. Гэтаму папярэднічаў абвал на азіяцкіх рынках і ў Расеі.
“Уплывае, але мінімальна, бо мы недастаткова інтэграваныя ў сусьветны рынак каштоўных папераў”
Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба мяркуе, што гэта адаб’ецца на эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, аднак ня ў той ступені, як у большасьці эўрапейскіх краінаў і ў Расеі.
“Уплывае, але мінімальна, бо мы недастаткова інтэграваныя ў сусьветны рынак каштоўных папераў. Найперш нясуць страты заходнія разьвітыя краіны, дзе ёсьць разьвітыя рынкі каштоўных папераў. А па-другое — Расея, якая пасьпела ўжо дасягнуць прагрэсу ў гэтым напрамку і ў большай ступені інтэгравацца ў сусьветны рынак каштоўных папераў. Я лічу, што на Беларусь уплыў нейкі будзе, але мінімальны”, — кажа прафэсар Жаліба.
“Гэта тычыцца шмат якіх нашых прадпрыемстваў”
Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што беларуская эканоміка інтэграваная ў сусьветную, і чаканая рэгрэсія ў Злучаных Штатах ня можа не закрануць Беларусь.
“Калі будзе нейкі спад у эканоміцы ЗША, то будзе спад і ў Кітаі. А гэта значыць, што на сусьветным рынку чорных мэталаў будзе падзеньне цэнаў. У такім разе рэнтабэльнасьць працы нашага Жлобінскага мэталюргічнага камбінату зьнізіцца з 20 да 5—10 адсоткаў. Гэта значыць, што падаткаў з гэтага камбінату стане меней. І ня будзе адпаведных сродкаў, каб вяртаць крэдыты.
Гэта тычыцца шмат якіх нашых прадпрыемстваў. Калі на сусьветным рынку ўпадуць цэны на нафту, калі будзе рэцэсія ў ЗША, то стане магчымым падзеньне эканомікі і Эўропы, і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Значыцца, упадуць цэны на нафтапрадукты, у выніку зьнізяцца прыбыткі Беларусі ад зьнешняга гандлю”, — мяркуе Леанід Злотнікаў.
“У рэшце рэшт яна адаб’ецца і на нашым дабрабыце”
Эканаміст Міхаіл Залескі зьвяртае ўвагу на тое, што эканоміка Беларусі мае адкрыты характар.
“Амаль тры чвэрці сваёй прадукцыі мы экспартуем. І мы атрымліваем за яе грошы. Дынаміка фондавых індэксаў адаб’ецца і на ўсіх валютных пазыцыях, яна адаб’ецца і на патрэбах у таварах. У рэшце рэшт яна адаб’ецца і на нашым дабрабыце. Хоць рынку гэтых папераў і рэальнага валютнага рынку, такога, як эўрапейскі, у нас няма”, — кажа Міхал Залескі.
Сёньня японскі індэкс Nikkei страціў 5,7%, галоўны індэкс Індыі Sensex абрынуўся амаль на 10%. Шанхайская біржа закрылася з падзеньнем на 7,2%. Былі спыненыя таргі ў Паўднёвай Карэі, дзе рынак страціў больш за 6%. У Ганконгу падзеньне перасягнула 8%. У Расеі ад 16 студзеня біржавы індэкс панізіўся на 19%. Сьледам за індэксамі папаўзьлі ўніз акцыі такіх буйных расейскіх кампаніяў, як “Газпром”, ВТБ, “Сбербанк”, “Лукойл”, “Норникель”, РАО “ЕЭС России”, “Сургутнефтегаз”.