“У гэты час чатырнаццаць год таму назад памёр горны арол...”

Пра што пісалі беларускія газэты 22 студзеня ў розныя гады мінулага.

“Савецкая Беларусь” у 1928 годзе надрукавала такую аб’яву: “Гр-н Аронін Элья Цодзікаў, які паходзіць з гр-н мяст. Халапенічы, Менскай акругі, і жыве ў гэтым мястэчку, нарадж. 1906 г., зьмяняе прозьвішча і імя Аронін Элья на прозьвішча і імя Лілінскі Люсьен. Асоб, якія маюць пратэсты супроць зьмены прозьвішча і імя, просяць паведаміць аб гэтым у Менскі ЗАГС, паказаўшы сваё імя, прозьвішча і месца жыцьця”.

“Звязда”
ў 1938 годзе зьмясьціла рэпартаж з жалобнага пасяджэньня ў Вялікім тэатры СССР: “18 гадзін 50 мінут. У гэты час чатырнаццаць год таму назад памёр горны арол, стваральнік магутнай большэвіцкай партыі, палкі натхніцель і арганізатар Кастрычніцкай соцыялістычнай рэвалюцыі, кіраўнік совецкай дзяржавы В.І.Ленін... З велізарным натхненнем сустракаюць прысутныя кіраўнікоў партыі і ўрада, грымяць бурныя авацыі і воклічы “Ура” ў гонар мудрага прадаўжальніка справы Леніна — вялікага правадыра, настаўніка і друга працоўных таварыша Сталіна”.

На старонках “ЛіМу” ў 1958 годзе прафэсар І.Лушчыцкі выкрывае беларускіх буржуазных нацыяналістаў: “Усёй істотаю ненавідзячы ўсё перадавое рускае, як і беларускае, яны стараліся ўсяляк фальсіфікаваць ідэйную спадчыну Каліноўскага, паказваючы яго ў ролі барацьбіта супраць Расіі. Яны ахвотна разам з памешчыцка-дваранскімі вялікарускімі шавіністамі прыпісвалі Каліноўскаму патрабаванне аб стварэнні незалежнай беларуска-літоўскай дзяржавы ў адрыве ад Расіі. Але ні адзін з прыхільнікаў гэтых выдумак не мог спаслацца на тое або іншае выказванне Каліноўскага”.