“Лукашэнка ніколі не адмяняе свае рашэньні”

Як можна ацаніць сёньняшні мітынг прадпрымальнікаў? Ці гатовыя дробныя бізнэсоўцы весьці доўгатэрміновую палітычную барацьбу за свае правы? Ці можа ўлада пайсьці насустрач некаторым эканамічным патрабаваньням прадпрымальнікаў? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабода” юрыст, актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін і аглядальнік газэты “Беларусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.
Цыганкоў: “Насуперак некаторым пэсымістычным чаканьням, насуперак шматлікім арыштам, прадпрымальнікі ўсё ж сёньня прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Паўлюк, Вы прысутнічалі падчас гэтай акцыі на плошчы, што вам падалося найбольш важным і адметным?”

Быкоўскі: “Гэтая акцыя праходзіла безь вядомых лідэраў прадпрымальніцкага руху, якія цяпер за кратамі, але аказалася, што ў іх яшчэ ёсьць асобы, якія могуць выйсьці да мікрафону, заклікаць і павесьці за сабой. Акцыя запомнілася жорсткім разгонам яе ўдзельнікаў на плошчы Незалежнасьці, бо 10 студзеня такіх дзеяньняў улады не рабілі. Было запалохваньне з дапамогай амонаўцаў у касках, з дручкамі, шчытамі, прывезьлі шмат аўтазакаў на плошчу – і людзей досыць рашуча выціснулі з плошчы. Ставілася задача, каб ўдзельнікі акцыі спужаліся. Такім чынам, падвышэньне градусу супрацьдзеяньня прадпрымальнікам і ёсьць асаблівасьць гэтай акцыі”.
Такім чынам, падвышэньне
супрацьдзеяньня прадпрымальнікам -- aсаблівасьць гэтай акцыі”.


Цыганкоў:
“Сяргей, вы актывіст прадпрымальніцкага руху, павінны добра ведаць гэтае асяродзьдзе. На вашу думку, наколькі яны гатовыя весьці доўгатэрміновую палітычную барацьбу за свае правы? Ці разумеюць яны, які доўгі шлях ляжыць перад імі? Ці гэта толькі эмацыйны ўсплёск?”

Балыкін: “Менавіта ўсплёск, бо працаваць далей немагчыма, грошай і ўмовай для працы няма. І яны патрабуюць таго, каб ім дазволілі працаваць, як раней. Разуменьня таго, што патрэбныя палітычныя зьмены, што прадпрымальнікам першым патрэбныя палітычныя гарантыі, у большасьці гандляроў няма.

Глядзіце – у акцыях узялі ўдзел 2-3 тысячы, і сярод іх – ня ўсе прадпрымальнікі. Тых прадпрымальнікаў, якія ня могуць працаваць пасьля Ўказу 760 – мінімум 30 тысячаў. Так што гатовыя на плошчы адстойваць свае правы толькі дзясятая частка зь іх.

Калі ўлада зойме дастаткова жорсткую пазыцыю, калі яна растлумачыць прадпрымальнікаў, што яны могуць страціць усё, згубіць нават тое, што ў іх засталося, то актыўнасьць іхняя пойдзе ўніз...”

Цыганкоў: “А зараз – хіба яны ня могуць ужо “страціць усё”? Хіба яны не загнаныя ў кут Указам №760?”

Балыкін: “Але яны пакуль знаходзяць магчымасьць працаваць па шэрых схемах. Яшчэ год яны могуць працаваць, рэгіструючы сваіх супрацоўнікаў прыватнымі прадпрымальнікамі. Так што пакуль гэта такая адносная “загнанасьць у кут”

Цыганкоў: “Улада, з аднаго боку, да пратэстаў прадпрымальнікаў дзейнічае паводле стандартнага альгарытму – арышты лідэраў, разгон акцыі. Але зь іншага, улада імкнецца не рабіць таго, што можа абярнуць супраць яе значныя сацыяльныя групы. Як гэта супярэчнасьць можа быць вырашана, ці можа ўлада пайсьці на выкананьне нейкіх эканамічных патрабаваньняў?”

Быкоўскі: “Магчыма, недзе там наверсе не разумелі, што гэта Указ ліквідуе саму магчымасьць займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Магчыма. Але ў любым выпадку ў дадзенай сытуацыі для ўладаў няма палітычнай магчымасьці саступіць, бо тады будзе паказаная слабасьць, і шмат хто з гульцоў на палітычным полі, якія зараз выглядаюць вельмі слабымі, будуць адчуваць у сябе моц перакуліць сытуацыю на сваю карысьць”.
Для ўладаў няма палітычнай магчымасьці саступіць, бо тады будзе паказаная слабасьць


Цыганкоў: “Але памятаеце, як Аляксандар Лукашэнка падчас ранейшых пратэстаў прадпрымальнікаў адмяніў некаторыя рашэньні “чыноўнікаў”

Быкоўскі: “Так, але тое былі не ягоныя рашэньні. Тут жа ён ужо “адкрыў забрала” і сказаў, што тая ніша, дзе працуюць прадпрымальнікі ( а гэта чаўнакі, што бяруць тавар на маскоўскіх рынках) ня будзе існаваць больш за год. Нельга казаць, што для прадпрымальнікаў улада прапаноўвае выйсьце, куды ім пайсьці.

Важна, што на сёньняшнім мітынгу было пастаўленыя палітычнае патрабаваньне вызваліць зьняволеных, аб’яўлены страйк да 28 лютага. Яны таксама запатрабавалі накіраваць у адстаўку намесьніка міністра эканомікі Тура, і разам зь ім “гаранта Канстытуцыі”, які падпісаў, як яны назвалі, “антынародны ўказ”.

Я ня думаю, што прадпрымальнікі сапраўды могуць пераўтварыцца ў палітычную сілу, але гэта слой незадаволеных людзей, якім зараз немагчыма знайсьці выйсьце, куды ім пайсьці працаваць. І не падобна, каб у сёньняшняй сытуацыі ўлады шукалі ім гэтае месца”.

Балыкін: “Лукашэнка ніколі не адмяняў сваіх рашэньняў. Наконт таго ж падатку на даданы кошт па таварах з Расеяй, то ён яго не адмяніў, а спрасьціў парадак аплаты. Мне здаецца, і зараз так будзе. 760 указ, дарэчы, часткай прадпрымальнікаў падтрымліваецца. Гэта ж ня толькі ІП – існуюць і больш буйныя бізнэсоўцы. Яны кажуць, чаму мы, як юрыдычныя асобы, мусім плаціць мыту, а ІП – не?...

Мне падаецца, што зараз будзе трошкі спрошчаная праца юрыдычным асобам. Магчыма, прадпрымальнікам таксама зробяць нейкую палёгку. Таксама вынікам стане тое, што будзе перадзелены рынак. Стане больш тавараў расейскай вытворчасьці, якія будуць увозіцца гуртавымі пакупнікамі. Гэта, зразумела, трошкі павялічыць цэны, але не настолькі, каб гэта было вельмі заўважна і выклікалі сацыяльнае напружаньне”.