Больш за дзесяць чалавек знаходзяцца ў міліцыі Цэнтральнага і Маскоўскага ўпраўленьняў унутраных справаў. Людзей затрымалі падчас разгону.
Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў асабіста кіраваў разгонам дэманстрацыі на плошчы Незалежнасьці, куды прыйшлі дэманстранты з Кастрычніцкай плошчы.
Затрыманыя ўдзельнікі акцыі прадпрымальнікаў знаходзяцца ў міліцыі Маскоўскага і Цэнтральнага раёнаў Менску. Некалькі чалавек затрымалі ў часе разгону акцыі, яшчэ трох – пасьля таго, як людзі разышліся.
Прадпрымальнікі вырашылі прайсьці праспэктам Незалежнасьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Дэманстранты выказалі сваю рашучасьць і патрабаваньне сустрэцца з чыноўнікамі, каб вырашыць нарэшце пытаньне наконт адмены Ўказу № 760, які забараняе прадпрымальнікам наймаць на працу несваякоў. Калёну дэманстрантаў суправаджалі “аўтазакі” і машына з гукаўзмацняльнай тэхнікай.
Калі калёна дэманстрантаў на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна выйшла на праезную частку праспэкту, супрацоўнікі ДАІ ўтварылі жывы ланцуг і пачалі выціскаць людзей на ходнікі. Людзі пачалі скандаваць:
“Жыве Беларусь!”, “Верым! Можам! Пераможам!”
На плошчы Незалежнасьці некалькі соцень спэцназаўцаў і салдат унутраных войскаў у бронекамізэльках, грукаючы па шчытах дубінкамі, пайшлі на дэманстрантаў з боку пэдагагічнага ўнівэрсытэту.
Людзей выціскалі з плошчы ў бок праезнай часткі праспэкту і да гатэлю “Мінск”. Раптам усе ўбачылі міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, які пачаў кіраваць спэцназаўцамі.
Пад грукат дубінак сп.Навумаў адмовіўся даць камэнтар Радыё Свабода. Ён адказаў:
“Радыё Свабода няхай усё бачыць на свае вочы”.
Некалькі чалавек схапілі і кінулі ў міліцэйскі “варанок”. Адзін з затрыманых пасьпеў патэлефанаваць і паведаміць, што іх зь сябрам вязуць у Маскоўскі аддзел міліцыі. Яшчэ траіх затрымалі каля кнігарні “Цэнтральная”. Пасьля заканчэньня акцыі, калі людзей выціснулі на Кастрычніцкую плошчу, а адтуль малымі групамі пачалі выціскаць у бок плошчы Свабоды, затрымалі Міхала Субача. Ён быў у ГУМе, калі да яго падышлі міліцыянты і паведамілі, што, паводле іхнай інфармацыі, ён нібыта скраў мабільны тэлефон. Міліцыянты казалі, што пацярпелы знаходзіцца ў міліцыі Цэнтральнага раёну. Пазьней маці Субача паведамілі, што ніякага пацярпелага няма і дзе яе сын, міліцыянты ня ведаюць.