Сёньня на плошчы неаднаразова гучалі патрабаваньні адстаўкі намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, які ўва ўрадзе курыруе буйны і дробны бізнэс. Чыноўніка наўпрост абвінавачвалі ў “зьнішчэньні прадпрымальнікаў як клясу”.
На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць гэтыя заявы Андрэй Тур адказаў, што бачыць у акцыі больш палітычныя, чым эканамічныя абрысы, таму палемізаваць з кімсьці ў гэтым выпадку ня лічыць патрэбным:
“Няўжо тыя людзі, якія гандлююць на рынку, могуць толькі сябе абвясьціць прадпрымальнікамі? У нас што, іншых прадпрымальнікаў няма? Пра што ўвогуле ў такім выпадку казаць? Я лічу, што мы ўсе працуем у кірунку адной і той жа ідэі і адной мэты – разьвіваць прадпрымальніцтва. Але пры любым разьвіцьці прадпрымальніцтва нельга ў адной пэўнай групе бачыць усё прадпрымальніцтва. Гэта па-першае. А па-другое, краіне, па вялікім рахунку, патрэбнае іншае прадпрымальніцтва. Перадусім інавацыйнае, тое, якое займаецца вытворчасьцю тавараў і паслугаў. А калі ўсё сканцэнтруецца на прадпрымальніках, якія гандлююць на рынках, дык якое ж гэта будзе прадпрымальніцтва?”
Экс-кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа разглядае праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў у двух ракурсах. Найперш з боку ўладаў, якія задумалі перавесьці прыватнікаў у юрыдычнае рэчышча, і ўласна людзей, якія выходзяць на вуліцу:
“Па-першае, ва ўладаў зьявіліся вельмі сур’ёзныя праблемы. Але яны ад пачатку дзейнічалі вельмі нядобра, калі толькі гэты ўказ яшчэ рыхтаваўся. Ён ня быў абгрунтаваны ніяк. І да гэтага часу ён не абгрунтаваны. Ну і далей была неабходнасьць генэральнага пагадненьня паміж наймальнікамі, прафсаюзам і ўрадам, адзін з пунктаў якога патрабаваў: праекты такіх дакумэнтаў павінны выносіцца на абмеркаваньне ўсіх гэтых структураў, каб яны таксама бралі ўдзел у гэтай працы.
А. Патупа: “З народам нельга будаваць дачыненьні, як з быдлам”
Іншы ракурс – вось гэтыя акцыі, у тым ліку з выхадам на Кастрычніцкую плошчу. Ня думаю, што яны прывядуць да нейкага станоўчага выніку, бо ўлады бачаць у гэтым сілавое запалохваньне. І ўлады ня пойдуць насустрач хоць бы ў зьвязку з тым, што яны вельмі нэрвова рэагуюць на ўсё, што зараз адбываецца. Таму ня бачу ніякіх пазытыўных наступстваў ад гэтых дэманстрацыяў”.
Падчас аналягічнай акцыі пратэсту 10 студзеня быў затрыманы кіраўнік Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Сябра Палітычнай Рады АГП Сяргей Альфэр перакананы: затрыманьні ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў супярэчаць усясьветнаму досьведу змаганьня розных сацыяльных групаў за свае правы:
“Ва ўсім сьвеце людзі адстойваюць свае правы некалькімі спосабамі. Першы – праз прафсаюзныя суполкі. Там, дзе моцныя прафэсійныя аб’яднаньні, там яны робяць вельмі істотны ўплыў на дзяржаўныя органы. Другое – выхад на вуліцы. І калі мы досыць рэгулярна бачым праз “Эўраньюс” інфармацыю пра страйкі, пра перамовы прафсаюзаў з наймальнікамі альбо дзяржаўнымі органамі, то мы бачым адначасова і выхад на вуліцу людзей, якія паказваюць дзяржаўным органам, паказваюць грамадзкасьці, што яны наважаныя адстойваць свае правы.
Трэці варыянт адбываецца адначасова: перамоўны працэс як прафсаюзаў, так і ініцыятыўных групаў грамадзянаў, якія хочуць адстаяць свае правы. Так што ўсё гэта комплекснае пытаньне. І плён выхаду людзей на вуліцы найперш – гэта ўзьдзеяньне на грамадзтва, якое падтрымлівае або не падтрымлівае законнае патрабаваньне гэтых людзей. У цэлым сьвеце гэта дастаткова актыўна працуе. І мне здаецца, што ў Беларусі гэты мэтад таксама мае права на існаваньне”.