18 студзеня Менскі гарадзкі суд пакараў былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова 3 гадамі пазбаўленьня волі за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда.
Якія ўнутрыпалітычныя матывы стаяць за гэтым рашэньнем, як яно будзе ўспрынята ў Беларусі і сьвеце? Наколькі важным тут быў замежнапалітычны чыньнік, ці не жадае беларуская ўлада такім чынам зрабіць рэвэранс у бок мусульманскага сьвету? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць палітолягі Юры Чавусаў і Андрэй Фёдараў.
Цыганкоў: “Якой лёгікай кіраваліся ўлады, прымаючы рашэньне аб такім прысудзе? Што яны хацелі сказаць беларускаму грамадзтву і сьвету?”
“Само гэтае судовае рашэньне ёсьць распальваньнем міжнацыянальнай варажнечы”
Але мне больш важным і цікавым тут падаецца ўнутрыпалітычны аспэкт. Мне цяжка адказаць на вашае пытаньне, якой лёгікай кіраваўся рэжым, але даць ёй ацэнку я магу. Ня трэба забывацца, што справа была заведзеная ў 2006 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і тады гэта была відавочная акцыя застрашваньня ў шэрагу іншых. Яна магчыма, была больш такой элегантнай, бо рэжым скарыстаўся тымі абурэньнямі ў сьвеце і грамадзкімі глябальнымі дыскусіямі, якія адбываліся з нагоды публікацыя ў Эўропе гэтых карыкатураў.
На мой погляд, само гэтае судовае рашэньне ёсьць распальваньнем міжнацыянальнай варажнечы. Мне падаецца, што якраз прыцягненьне журналіста да адказнасьці пад шыльдай барацьбы з міжнацыянальнай варажнечай можа выклікаць рост нэгатыўных стаўленьня да мусульманскай меншыні ў Беларусі. І вось тыя камэнтары, якія даюць лідэры мусульманскай супольнасьці, сьведчаць, што самі мусульмане адчуваюць, што для іх гэты жорсткі крымінальны прысуд нясе больш мінусаў.
Спроба пагуляць з рэлігіяй, калі відавочна, што сьвецкай ідэалёгіі ў сёньняшняй улады не атрымалася (бо тое, што прэзэнтуецца, як дзяржаўная ідэалёгія – гэта сьмешна) – гэта даволі небясьпечна. Улада гуляе з агнём”.
Цыганкоў: “Якія галоўныя зьнешнепалітычныя аспэкты судовага рашэньня? Ці спрацуе гэты рэвэранс у бок мусульманскіх краінаў? Ці падвысіць зьняволеньне журналіста імідж Беларусі ў Іране ды іншых стратэгічных партнэраў Беларусі ў мусульманскім сьвеце?”
Увогуле ж, прысуд надзвычай жорсткі. Вядома, што ў мусульманскай Ярданіі за нешта падобнае журналіста пакаралі штрафам і вызвалілі ў зале суду”.
“Калі мы дамаўляемся з Усходам, то здымаем маскі і дзейнічаем ранейшымі спосабамі”
Цыганкоў: “Беларускія ўлады радыкальна ўзмацнілі жорсткасьць сваіх паводзінаў пасьля прыезду Пуціна і атрыманьня расейскага крэдыту. Гэта і зьняволеньне Артура Фінькевіча, арышты дзясяткаў удзельнікаў акцыі 10 студзеня, цяпер вось прысуд Зьдзьвіжкову. Але як Расея можа ўспрыняць гэты прысуд? Нагадаю, што Зьдзьвіжкоў заяўляў падчас суду, што яго перасьледуюць як праваслаўнага паводле рэлігійнай прыкметы. Ці ня можа Расея нэгатыўна адрэагаваць на такі прысуд?”
Чавусаў: “Я б расейскі чыньнік у канкрэтна гэтай крымінальнай справе не перабольшваў. Калі браць доўгатэрміновыя прагнозы, то відавочна, што роля ісламу ў Расеі будзе павялічвацца проста з-за дэмаграфічных прычынаў.
У чым беспрэцэдэнтнасьць гэтай справы? Пасьля прысуду Зьдзьвіжкову ўсе канкардаты, усе запісы ў законе адносна хрысьціянскага характару беларускіх традыцыяў зьнівэляваныя, скасаваныя. Беларусь пасьля гэтай крымінальнай справы не зьяўляецца хрысьціянскай краінай. Па-мойму, пазыцыя вернікаў, хрысьціянаў розных канфэсіяў павінна прагучаць вельмі важка.
Што датычыцца “лібэралізацыі”, якая быццам бы цяпер скончылася, то я б не казаў, што гэта была нейкая доўгатэрміновая тэндэнцыя. Гэта была сытуацыйная “лібэралізацыя”. Калі Беларусь вядзе перамовы з эўрапейцамі, то так, робім менш жорсткія рэпрэсіі, дакладней, праводзім рэпрэсіі ў больш вытанчаных формах. Калі ж мы дамаўляемся з Усходам, атрымліваем там крэдыты, то мы здымаем маскі і дзейнічаем ранейшымі спосабамі.
Гэтая спроба ўлады перавесьці стрэлкі з сацыяльна-эканамічных пытаньняў на пытаньні канфэсійныя і мусульмана-хрысьціянскі канфлікт – гэта вельмі разумная спроба каналізаваць грамадзкі пратэст”.
Цыганкоў: “Ці не пакідае сабе ўлада магчымасьці для гульні з гэтым прысудам? Пры пэўных зьнешнепалітычных абставінах могуць скасаваць пакараньне...”
Фёдараў: “Безумоўна. Гэта апошнім часам стандартная зьява. Мы памятаем, у мінулым годзе ўсе чакалі жорсткага прысуду маладафронтаўцам, а іх пакаралі “толькі” штрафамі. Я, аднак, мяркую, што Захад у асобе ЗША жорстка выкажацца наконт гэтага прысуду. Апошнім часам ЗША не ўпускаюць ніводнай такой падзеі”.
Цыганкоў: “А Эўразьвяз асьцеражэцца?”
Фёдараў: “Наконт Эўразьвязу я ня ўпэўнены. У іх былі падобныя сытуацыі, і мяркую, калі бузе зробленая нейкая заява, то яна ня будзе вельмі жорсткай. У любым выпадку, справа Зьдзьвіжкова не палепшыць стаўленьня да беларускага рэжыму ў сьвеце, і паўтаруся – ніяк не палепшыць нашы эканамічныя стасункі з тымі ж мусульманскімі краінамі”.