Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 18 студзеня. Удзельнікі: эканамісты Барыс Жаліба і Аляксандр Кавалёў.
Як і мінулым годам, у Беларусі працягваецца рост цэнаў За першы тыдзень студзеня інфляцыя вырасла на 0,5%. У чым прычыны гэтай тэндэнцыі? Як уплывае на беларускую эканоміку рост цэнаў у сьвеце? Чаму мэханізм дзяржаўнага рэгуляваньня інфляцыі працуе неэфэктыўна?
Прычыны росту цэнаў
Валер Карбалевіч: “Апошнімі гадамі беларускія ўлады надзвычай ганарыліся нізкай інфляцыяй, даводзілі, што рост цэнаў у Беларусі ці ня самы нізкі ў СНД. Але вось мінулым годам нешта ў мэханізьме супрацьдзеяньня інфляцыі сапсавалася. Інфляцыя склала за год каля 12% замест плянавых 6—8%. Прычым, як сьцьвярджаюць незалежныя экспэрты, афіцыйная статыстыка заніжае рэальны ўзровень інфляцыі. Сапраўдныя лічбы вышэйшыя.
Цікава і тое, што паводле сьнежаньскага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага зарэгістраваным у Літве Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, галоўная праблема, якая хвалюе людзей, — рост цэнаў. Так адказалі каля 80% рэспандэнтаў. То бок гэтая праблема ўжо ня толькі эканамічная, але і палітычная.
У новым годзе рост цэнаў не спыніўся. За першы тыдзень студзеня інфляцыя вырасла на 0,5%. У чым прычыны росту інфляцыі?
Барыс Жаліба: “Вялікі ўплыў зрабілі вонкавыя прычыны. Больш чым удвая вырасьлі цэны на газ для Беларусі. Трэба адзначыць таксама рост цэнаў на нафту.
Таксама нечакана ў сьвеце вырасьлі цэны на прадукты харчаваньня: расьліннае масла, крупы, малочныя прадукты. Часткова гэта выклікана неўраджаем, які быў у мінулым годзе. Гэта спрычынілася да росту прадуктовых цэнаў і ў Беларусі.
Таксама ў Беларусі быў вялікі рост цэнаў на камунальныя паслугі, жытло, нерухомасьць. Дарэчы, рост цэнаў на нерухомасьць Міністэрства статыстыкі не ўключае ў кошык, паводле якога вымяраецца інфляцыя.
Урад Беларусі імкнецца абмежаваць рост цэнаў. Ёсьць абмежаваньні аптовых і гандлёвых нацэнак, існуюць фіксаваныя цэны на цукар, сьпіртное. У паасобных галінах вытворчасьці існуюць абмежаваньні росту цэнаў, якія могуць павышацца ня больш чым на 0,5% у месяц. Але ўсё гэта ня вельмі памагае.
Каб спыніць цэны натуральным шляхам, трэба ствараць канкурэнтнае асяродзьдзе ў эканоміцы. Вось гэтага нам не хапае”.
Аляксандр Кавалёў: “Найперш хацеў бы адзначыць, што тыя 12%, пра якія вялася гаворка, – гэта рост цэнаў толькі на спажывецкія тавары. А вось індэкс прамысловых тавараў за мінулы год – 17%.
Другі момант. Мэтадалёгія падліку валавога ўнутранага прадукту такая, што чым менш растуць цэны, тым большы рост гэтага паказчыку. Паколькі валавыя паказчыкі — галоўныя ў эканоміцы, то Міністэрству статыстыкі выгадна заніжаць рост цэнаў.
Я не падзяляю думку, што галоўная прычына росту інфляцыі ў Беларусі зьвязана з вонкавымі чыньнікамі. Вось прадукты харчаваньня ў адной краіне растуць на адну велічыню, а ў іншай — на другую.
Мінулым годам у Беларусі значна вырасла грашовая маса. Аб’ём гатоўкі вырас на 18%, аб’ём рублёвай грашовай масы — на 29%, а аб’ём шырокай грашовай масы — на 36%. Такі рост значна паўплываў на ўсе індэксы цэнаў”.
Як уплывае на беларускую эканоміку рост цэнаў у сьвеце?
Карбалевіч: “Сапраўды, у апошні год рост цэнаў стаў вострай сусьветнай праблемай. Але калі б такі чыньнік дзейнічаў аўтаматычна, то цэны расьлі б аднолькава ва ўсім сьвеце. Тым часам у краінах Эўразьвязу рост цэнаў абмежаваны 3% у год. А ў Беларусі – 12%. Чаму так адбываецца?”
Жаліба: “Узровень інфляцыі ў 2007 годзе быў большы, чым у 2006 годзе, ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Казахстане. Вядома, у разьвітых краінах мацнейшая эканоміка, якая лягчэй можа супрацьстаяць інфляцыі. Там 3—4% росту цэнаў лічацца вельмі высокім паказчыкам. Зразумела, унутраныя чыньнікі росту інфляцыі значаць даволі шмат”.
Кавалёў: “Рост цэнаў на сыравіну інсьпіруецца манэтарнымі ўладамі ЗША. Гэты рост меў для эканомікі Беларусі цяжкія наступствы, таму што ў нас мала сыравінных рэсурсаў.
Рост цэнаў на харчовыя прадукты тлумачыцца неўраджаем у шмат якіх краінах сьвету і зьменай звычак спажыўцоў. Напрыклад, тэмпы росту спажываньня малочных прадуктаў у найбуйнейшых паводле колькасьці насельніцтва краінах – Кітаі і Індыі – былі найвышэйшыя ў сьвеце.
Беларусь – краіна з адкрытай эканомікай. Калі дзяржава абмяжоўвае рост цэнаў на нейкія прадукты, то яны становяцца дэфіцытам”.
Чаму мэханізм дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў працуе неэфэктыўна?
Карбалевіч: “Вядома, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад разьвітых краін, цэны рэгулююцца дзяржавай. Тым ня менш мінулым годам інфляцыя выйшла за межы плянавай. Чаму ж мэханізм дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў працуе неэфэктыўна?”
Кавалёў: “Я ведаю толькі адзін эпізод у сусьветнай гісторыі, калі захады ўладаў па спыненьні росту цэнаў далі плён. Падчас Вялікай францускай рэвалюцыі тых, хто павышаў цэны, каралі гільятынай.
Дзяржаўнае рэгуляваньне не працавала нават у СССР. Чым больш абмяжоўвалі цэны, тым большай праблемай станавіўся дэфіцыт тавараў”.
Жаліба: “Нельга сказаць, што дзяржава наагул ніяк не ўплывае на цэны. Я б назваў дзеяньні дзяржаўных органаў малаэфэктыўнымі. У выніку захадаў дзяржавы рост спажывецкіх цэнаў быў значна меншы, чым цэнаў прамысловасьці. Для парушальнікаў цэнавай дысцыпліны прадугледжана пакараньне.
Але дзяржава нічога ня можа зрабіць з ростам цэнаў на жытло і нерухомасьць. Ёсьць такі ўмоўны крытэрый, што цана аднаго квадратнага мэтру павінна адпавядаць сярэднямесячнаму заробку па краіне. Сярэдні заробак у Беларусі — прыкладна 340 даляраў. А цэны на жытло дасягнулі 1500, у асобных выпадках — 2000 даляраў за квадратны мэтар”.
Які прагноз інфляцыі на 2008 год?
Карбалевіч: “На 2008 год інфляцыя ў Беларусі заплянавана на ўзроўні 6—8%. Ці ўдасца ўладам утрымаць інфляцыю на такім узроўні?”
Жаліба: “Думаю, гэтыя пляны нерэальныя. Добра было б, каб уклаліся ў 10%”.
Кавалёў: “Я таксама так думаю. Бо існуюць чыньнікі, якія будуць стымуляваць інфляцыю. Па-першае, расьце расейскае мыта на нафту для Беларусі — з 275 да 330 даляраў за тону.
Па-другое, калі мінулым годам цэны на прамысловыя тавары былі вышэйшыя за цэны на спажывецкія, то гэтым годам яны будуць уплываць на спажывецкія цэны”.
Карбалевіч: "Такім чынам, рост цэнаў у Беларусі — сымптом пэўных праблемаў, якія існуюць у беларускай эканоміцы. І паводле тэмпаў іх росту можна адсочваць эканамічныя тэндэнцыі ў краіне”.