Менскі гарадзкі суд пакараў былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова трыма гадамі пазбаўленьня волі.
Упершыню ў сучаснай Беларусі ўжыты артыкул Крымінальнага кодэксу аб распальваньні рэлігійнай варожасьці. Прычым Аляксандра Зьдзьвіжкова прызналі вінаватым у тым, што ён зрабіў гэтае злачынства праз злоўжываньне службовым становішчам, што абцяжвае яго віну. За гэта маглі даць і 10 гадоў зьняволеньня. Далі тры. Аднак адбываць пакараньне журналіст будзе ў калёніі не звычайнага, а ўзмоцненага рэжыму. Аляксандар Зьдзьвіжкоў мае намер абскардзіць прысуд, пра што пасьпеў паведаміць журналістам.
Зьдзьвіжкоў: “З намі Бог і Хрыстова сіла!”
Міліцыянт: “Спыніць размовы!”
Журналіст: “Вы так і не пагадзіліся з абвінавачаньнем?”
Зьдзьвіжкоў: “Не. Хто ня з намі, той супраць нас”.
Журналіст: “Вы будзеце абскарджваць прысуд?”
Зьдзьвіжкоў: “Вядома”.
Журналіст: “Як з вамі абыходзіліся?”
Зьдзьвіжкоў: “Стрымана”.
Міліцыянт: “Пакідаем будынак суду! Спыніць размовы!”
Вядомыя ўсёй Эўропе дзевяць карыкатур на прарока Мухамэда, якія разышліся па сьвеце са старонак дацкай газэты, зьявіліся ў беларускім тыднёвіку “Згода”, якім тады кіраваў Зьдзьвіжкоў, 19 лютага 2006 году. Ужо празь некалькі дзён была заведзена крымінальная справа, а ў афіцыйных мэдыях прагучалі абвінавачаньні на адрас беларускай апазыцыі ў распальваньні рэлігійнай варожасьці напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Празь месяц Вышэйшы гаспадарчы суд закрыў “Згоду”, але крымінальнай справы не спынілі.
Улетку мінулага году Аляксандар Зьдзьвіжкоў перастаў зьяўляцца на допыты ў пракуратуру і быў абвешчаны ў вышук. Арыштавалі журналіста ў лістападзе ў Барысаве, куды ён прыехаў, каб наведаць магілу бацькі. Гэтыя зьвесткі сталі вядомыя ад самога Зьдзьвіжкова тыдзень таму, калі пачаўся працэс над ім у Менскім гарадзкім судзе. Яшчэ абвінавачаны пасьпеў паведаміць, што не прызнае сябе вінаватым і лічыць, што яго перасьледуюць з рэлігійных прычын.
Пасьля першага перапынку працэс аб’явілі закрытым і пусьцілі журналістаў толькі на абвяшчэньне выніковай часткі прысуду.
Так вырашыў судзьдзя Руслан Аніськевіч. Яшчэ летась гэты судзьдзя працаваў у Савецкім судзе Менску. Журналісты згадалі, што менавіта Руслан Аніськевіч асудзіў да грашовага штрафу маладафронтаўцаў Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага і Насту Палажанку за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Прадстаўніком пракуратуры на судзе над Зьдзьвіжковым быў Аляксей Варанчыкаў. Ён адмовіўся камэнтаваць прысуд, паведаміўшы толькі, што прасіў пакараць журналіста чатырма гадамі зьняволеньня.
Вядома, што Аляксандар Зьдзьвіжкоў ня стаў наймаць для сваёй абароны адваката і таму ролю абаронцы выконваў так званы дзяжурны адвакат, прызначаны судом. Вось што сказала адвакатка Мая Аляксандрава на просьбу пракамэнтаваць доказы віны журналіста, якія выставіла пракуратура:
“Баюся, не магу вам гэтага сказаць, без таго... каб параіцца з маім падабаронным”.
Мая Аляксандрава пацьвердзіла, што прысуд будзе абскарджаны.