“Ня ўлада павінна закручваць гайкі народу, а народ уладзе”

  • Ягор Маёрчык

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе тэлефанаваньняў. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Канчатковае палітычнае рашэньне пра будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі прынята нядаўна на паседжаньні Рады бясьпекі Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праца павінна пачацца ўжо сёлета. Водгук нашага слухача:

Яцкевіч Аляксандр Анатолевіч, Віцебск: “Я думаю, няма нічога дрэннага ў тым, што ў нас хочуць будаваць атамную станцыю. Але, ведаючы адказнасьць нашага кіраўніцтва, ведаючы ўзровень той культуры, таксама працоўнай і будаўнічай, якая існуе ў нашай дзяржаве і грамадзтве, я лічу, гэта вельмі і вельмі небясьпечна.

Адна рэч, калі нейкая сьцяна завалілася ў аграгарадку і нікога не прыдушыла. Але іншая рэч, калі гэткая сьцяна заваліцца на атамнай станцыі. Гэта ж будзе тая самая паказуха.

Калі зь іншага боку глянуць, будзе рэактар, будзе і атамная бомба. Дык, можа, трэба эўрапейскі рэфэрэндум рабіць па гэтай справе? Гэта было б больш памяркоўна і слушна, я лічу. Хопіць той радыяцыі, якая зыходзіць ад Чарнобылю”.

Беларусь можа закупіць расейскую зэнітную ракетную сыстэму С 400 “Трыюмф”. Такую інфармацыю распаўсюдзілі афіцыйныя крыніцы са спасылкай на старшыню Дзяржаўнага вайскова прамысловага камітэту Мікалая Азаматава.

Анастас Семяновіч: “Я лічу, што гэтая зьдзелка зьяўляецца злачынствам перад народам Беларусі. Гэтыя грошы аддайце інвалідам, удзельнікам Чарнобылю, донарам, пэнсіянэрам”.

Мы працягваем атрымліваць тэлефанаваньні, у якіх нашыя слухачы гавораць аб праблемах прадпрымальнікаў. 10 студзеня ў Менску некалькі тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў перакрылі праспэкт Незалежнасьці насупраць Дому ўраду. Яны патрабавалі перамоваў аб адмене прэзыдэнцкага ўказу № 760. Наступная акцыя пратэсту заплянаваная на 21-га студзеня.

Спадар: “Я салідарны з прадпрымальнікамі. У ноч на 16 студзеня я выключыў у кватэры сьвятло, запаліў сьвечкі, паставіў іх на вокны, і яны гарэлі ўсю ноч.

Ды выхаду ўказу прэзыдэнта №760 людзі спакойна гандлявалі, ніхто не страйкаваў, ні на якія плошчы не выходзіў. А хто ўсё гэта справакаваў? Адказ просты: цяперашнія ўлады. Вы толькі паглядзіце, што робіцца апошнім часам: разагналі Саюз пісьменьнікаў, незалежныя прафсаюзы, закрылі апазыцыйныя газэты, працоўных пасадзілі на кантракт.

Для чаго ўсё гэта робіцца? Цяперашняму рэжыму патрэбны пакорлівы і паслухмяны статак, які можна загнаць на прыдуманы рэфэрэндум, на розныя выбары. Сваім маўчаньнем мы хутка ператворым Рэспубліку Беларусь у бяспраўны калгас, а самі зробімся бяспраўнымі калгасьнікамі.

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь напісана дакладна і выразна: “Улада ў Рэспубліцы Беларусь належыць народу”. Дык давайце карыстацца гэтай уладай! Ня ўлада павінна закручваць гайкі народу, а народ уладзе, як гэта робіцца ўва ўсіх дэмакратычных дзяржавах”.

Спадар: “Зьвяртаюся да вас, сумленнае спадарства! Шаноўныя вэтэраны Адраджэньня! Забудзьце вы старыя спрэчкі: маўляў, вы нас тады не падтрымалі, а цяпер мы вас. Гэта паводзіны дзіцячага садка, а не змагароў за свабоду. Нарэшце ў наш лягер перайшлі і дробныя прадпрымальнікі. Дык падтрымайце іх дружна! Калі мы ўжо навучымся ў заходнікаў? Ці магчыма сабе ўявіць, што Гілары Клінтан цяпер будзе адмаўляцца ад колішніх прыхільнікаў Буша? Не, немагчыма. А што ж мы?! Задумайцеся, даражэнькія! З найлепшымі пажаданьнямі прыхільнік Мірона і “закардона”.

У працяг тэмы смс-паведамленьне ад Улада: “Прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы павінны навучыць прадпрымальнікаў красьці ў сябе грошы, як гэта робяць кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Дастаткова дасьведчанага бухгальтара — і падаткаў ніхто не пабачыць, будзе адзін мінус. Ці дрэнна жывуць дырэктары?”