Іран рыхтуецца атрымаць ракеты S-300PT зь Беларусі?

Сайт інфармацыйнай групы “Jane’s” паведаміў, што Іран завяршае перамовы зь Беларусьсю аб атрыманьні дзьвюх сыстэмаў супрацьракетнай абароны.


Марк Гэрынгтан, які паведамляе пра гэта на сайце “Jane’s”, адзначае, што калі пры канцы 2007 году Масква згадзілася прадаць Ірану некалькі зэнітных комплексаў, то цяпер зь Беларусі Іран атрымае дзьве супрацьракетныя сыстэмы S-300PT (SA-10A “Grumble”).

Гэтыя сыстэмы былі да нядаўняга часу разьмешчаныя каля Менску як частка беларускага дзейнага супрацьпаветранага абарончага комплексу. У іх складзе – ракеты “Факел” 5V55K з радыюсам дзеяньня 47 км і асноўны сярэднеактыўны радар і кіраваная ракета “TVM” (Track Via Missile) з радыюсам дзеяньня 75 км.

Са спасылкай на неназваную крыніцу з абарончай прамысловасьці Беларусі інфармацыйная група “Jane’s” паведамляе, што пра канчатковы кошт кантракту яшчэ не дамоўлена – беларускі бок просіць 140 мільёнаў даляраў за дзьве сыстэмы (улучна з дэталямі, матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем і навучаньнем).

На думку аглядальнікаў “Jane’s”, Беларусь завысіла кошт за гэтыя старыя супрацьракетныя сыстэмы S-300PT, якія выкарыстоўваліся ў савецкай арміі ад 1978 году.

Паводле “Jane’s”, Беларусь завысіла цану, ведаючы неадкладную патрэбу Ірану ў такіх сыстэмах і яго гатовасьць добра заплаціць. Цяперашняя зацікаўленасьць Ірану ў набыцьці беларускіх супрацьракетных сыстэмаў тлумачыцца пільнай міжнароднай увагаю да ўсіх спробаў Ірану атрымаць ракетныя тэхналёгіі, і складанасьцю атрымаць іх зь іншых краінаў.

Апрача таго, цэны завышаныя і з увагі на рызыку Беларусі, якая прадасьць супрацьракетныя сыстэмы Тэгерану.

Крыніцы, на якія спасылаецца “Jane’s”, пацьвердзілі, што пасьля падпісаньня кантракту супрацьракетныя сыстэмы S-300PT будуць перапраўленыя ў Іран некалькімі грузавымі самалётамі. Гэтыя пералёты будуць праводзіцца ў рамках іншых шматлікіх рэгулярных палётаў (у тым ліку і вайсковай авіяцыі) паміж Іранам і Беларусьсю.