“Мітынгу 21 студзеня ніхто не адмяняў”

Сёньня ў адміністрацыі прэзыдэнта адбылася сустрэча з прадпрымальнікамі. А міністэрства юстыцыі вырашыла адклікаць зь Вярхоўнага суду пазоў аб ліквідацыі аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.

Тым часам працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэсту 10 студзеня. Як паўплываюць усе гэтыя падзеі на мітынг 21 студзеня?

Сёньня ў адміністрацыі прэзыдэнта адбылася сустрэча зь некалькімі прадстаўнікамі прадпрымальніцкага руху. Адна з удзельніц, старшыня прафсаюзу “Разам” Ірына Яськевіч, сказала, што на сустрэчы быў таксама віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Спадарыня Яськевіч нагадала, што шэраг актывістаў прадпрымальніцкага руху арыштаваныя.
Нам далі зразумець яшчэ ў фае, што гэта не перамовы, а тлумачэньне нейкіх момантаў, якія ім не зразумелыя.


“Я сказала, што цяпер хлопцы сядзяць, а мы перамаўляемся. Але нам далі зразумець яшчэ ў фае, што гэта не перамовы, а тлумачэньне нейкіх момантаў, якія ім не зразумелыя. Чаму прадпрымальнікі не пераходзяць у “ПУПы”? Мы патлумачылі, што ня можам, таму й не ідзём.

Сядзець у партызанах і не падтрымліваць сувязь, я таксама лічу, няправільна”.

“Зьбіць напружанасьць гэтай сустрэчай не ўдалося”

Адносна адмены пункту 1.1 указу № 760, які дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў, ніякіх зрухаў няма.

“Нічога мы там толкам сказаць не маглі, бо асноўны пункт па найманых асобах не вырашаецца. Я думаю, што зьбіць напружанасьць гэтай сустрэчай не ўдалося. Мы прыедзем дадому і мусім сказаць, што саступак няма”.

Адносна мітынгу 21 студзеня спадарыня Яськевіч сказала:

“Я думаю, напэўна, будзе. Яго ніхто не адмяняў. У кожнага ёсьць сваё сумленьне, кожны будзе чытаць сайты і будзе разумець, што саступак няма”.

“Улады робяць усё, каб 21-е не адбылося”

Адносна гэтай сустрэчы намесьнік старшыні кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей сказаў:

“Пакуль усіх ня вызваляць – ніякіх перамоваў. Сёньня каля 40 чалавек знаходзяцца ў турме, і тыя, хто прыняў прапанову, пайшлі там шукаць свае асабістыя мэркантыльныя інтарэсы”.

Паводле спадара Калея, улады робяць захады, каб сарваць мітынг 21 студзеня. Да прыкладу, у Бабруйску на рынках гэты дзень абвешчаны працоўным.

“Улады робяць усё сілавым мэтадам, каб 21-е не адбылося: запалохваньнем, арыштамі, пазбаўленьнем ліцэнзій. Але людзі будуць на гэтай плошчы, няхай ня так многа, як 10 студзеня. Але 21 чысло ніхто не адмяняў”.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч сказаў:
Калі гэтым карыстаюцца Лябедзька й іншыя, то, прабачце, гэта ўжо пахне іншым.


“Там вельмі шмат палітызаваных фігур у гэтым руху. Яны проста скарысталі тую сытуацыю, якая склалася, у сваіх палітычных мэтах. Магчыма, для пэўнай часткі прадпрымальнікаў ёсьць складаныя пытаньні, бо трэба мяняць сытуацыю, у якой яны апынуліся. Ёсьць і іншыя моманты. Але калі гэтым карыстаюцца Лябедзька й іншыя, то, прабачце, гэта ўжо пахне іншым”.

“Людзей пазбаўляюць ліцэнзіяў за тое, што яны 10-га ня выйшлі на працу”

Сёньня міністэрства юстыцыі вырашыла адклікаць зь Вярхоўнага суду пазоў аб ліквідацыі аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, які быў накіраваны туды пасьля мітынгу 10 студзеня. Напярэдадні аб’яднаньне даслала ліст пра тое, што лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка, які адбывае 15-суткавы арышт, узяў удзел у акцыі як прыватная асоба.

Намесьніца старшыні “Пэрспэктывы” Вольга Круміна сказала:

“Я думаю, што яны проста зразумелі, што ў іх няма падставаў для таго, каб падаваць нейкія пазовы ў суд”.

Паводле Вольгі Крумінай, сытуацыя ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі застаецца напружанай:

“Думаю, што 21 студзеня народу прыйдзе ня менш, чым было 10-га. Бо такія рэпрэсіўныя мэтады яны выкарыстоўваюць: пазбаўляюць людзей ліцэнзіяў за тое, што яны 10-га ня выйшлі на працу. Я думаю, што людзей будзе ня менш”.