Былы намесьнік рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў прызнаны вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Менскі гарадзкі суд пакараў Зьдзьвіжкова трыма гадамі зьняволеньня.
Абу-Бэкір Шабановіч, муфтый мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Рэспубліцы Беларусь, цьвердзіць, што беларускія мусульмане не патрабавалі такога строгага пакараньня Аляксандра Зьдзьвіжкова:
“Мне шкада чалавека. Ён зрабіў памылку. І вельмі шкада, што ён гэтай памылкі так і не прызнаў.
Мы не заклікаем да таго, каб было “зуб — за зуб, вока — за вока, кроў — за кроў”. Наша рэлігія — самая мірная. І мы не патрабавалі, каб яго пасадзілі. Мне здаецца, можа б, і штрафу хапіла. Дый газэту закрылі, гэта таксама страты.
Але ж я не магу дыктаваць нашаму заканадаўству. Яно абараняе правы грамадзянаў.
Мая думка такая — мы ўсе адкажам перад Усявышнім. І ён, і я, і ўсе. У судны дзень адкажам за ўсё, зробленае намі”.
Сяргей Луканін, юрысконсульт царквы “Новае жыцьцё”, лічыць прысуд журналісту палітычнай справай:
“Я думаю, што насамрэч гэта справа больш палітычная. Тут дакладна існуе палітычны падмурак. А калі глядзець на рэлігійны аспэкт? Вядома, публікацыі ў мэдыях, якія зьневажаюць рэлігійныя пачуцьці вернікаў розных рэлігіяў, гэта, на маю думку, недапушчальна. Аднак караць за гэта падобным прысудам — тут таксама назіраецца перабор.
А што да канкрэтнай справы спадара Зьдзьвіжкова, дык тут, я думаю, ёсьць 100% палітычны падмурак. І толькі з-за палітычнага падтэксту асудзілі гэтага чалавека”.
Уладзімер Ламека, намесьнік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, кажа, што дагэтуль ня можа зразумець, чым кіраваўся Аляксандар Зьдзьвіжкоў:
“Мабыць, выхаваньне ў яго такое? А можа, недаўсьвядоміў? Тады ж увесь сьвет шумеў, Эўропа хвалявалася, мусульмане казалі, што абражаецца іхняя годнасьць. Дык трэба ж было зарыентавацца. Навошта нам спатрэбіліся гэтыя камэнтары? Вось і атрымалася так.
А можа, гэта і палітычны заказ, паколькі ў нашай апазыцыйнай прэсе ўсё бывае. Навошта было друкаваць? Нашай дзяржаве гэта аўтарытэту не дадало, атрымаўся толькі непатрэбны скандал. Абражаецца годнасьць вернікаў, а мусульмане ж і ў нашай краіне ёсьць. Гэта абраза годнасьці ўсіх мусульманаў. Таму і нашы не маўчалі”.
Сяргей Няроўны, рэдактар незалежнай газэты “Вольны горад”, лічыць, што ўсе журналісты павінны аб’яднацца, каб дапамагчы калегу:
“Пасьля такога прысуду журналісты павінны праявіць салідарнасьць. Трэба дамагчыся, каб гэты прысуд (а Зьдзьвіжкоў абскарджвае прысуд) быў адменены. Калі мы сьцярпім гэта, дык улада пачне хапаць і садзіць за любую крытыку. Будуць чапляцца, шукаць самыя дробныя памылкі, якія робяць журналісты ўва ўсім сьвеце. І саджаць, саджаць, саджаць. Каб зьбіць дух свабоды”.