Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Тацяна Паўлічук асудзіла Хведарука адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Моладзевага актывіста стандартна абвінавацілі ў тым, што ён нецэнзурна лаяўся.
Хведарука затрымалі ўчора, калі ён выйшаў з суду Цэнтральнага раёну разам зь іншымі наведнікамі. Падчас затрыманьня міліцыянты яго моцна зьбілі.
Актывістку Алену Мядзьведзеву ўчора затрымалі ў Бабруйску і прывезьлі ў Менск. Сёньня раніцаю міліцыянты даставілі Мядзьведзеву ў Цэнтральны суд, але празь нейкі час судзьдзя яе адпусьціў. Аднак потым Алену адвезьлі зноў у РУУС Цэнтральнага раёну забраць свае рэчы. Дзяўчыну вярнулі ў суд і прысудзілі штраф – 30 базавых велічыняў (адзін мільён 50 тысячаў беларускіх рублёў) – за ўдзел у акцыі 10 студзеня.
Што тычыцца Мікіты Шуцянкова, якога затрымалі ўчора падчас судовых паседжаньняў, то міліцыянты перарабляюць пратаколы. Паплечнікі Мікіты з арганізацыі “Джынс за Свабоду” лічаць, што ён таксама будзе абвінавачаны ў нецэнзурнай лаянцы.