Учора адбылося паседжаньне Рады бясьпекі ААН, прысьвечанае косаўскай праблеме.
Чарговае паседжаньне Рады бясьпекі ААН у пытаньні незалежнасьці Косава скончылася бязвынікова. Сэрбія заклікае не дапусьціць прызнаньня незалежнасьці краю, улады Косава гэтак жа рашуча выказваюць намер яе абвясьціць. Заходнія дзяржавы даюць зразумець, што ў рэшце рэшт прызнаюць незалежнасьць Косава.
Тадзіч: “Аднабаковае прызнаньне незалежнасьці Косава безумоўна было б прэцэдэнтам. Ніхто ня мае права дэстабілізаваць Сэрбію і Балканы аднабаковымі рашэньнямі, якія будуць мець непрадказальныя наступствы для іншых краін, якія таксама маюць праблемы з сэпаратызмам. Сэрбія ніколі не прызнае незалежнасьць Косава і захавае свой сувэрэнітэт над ім усімі дэмакратычнымі сродкамі, юрыдычнымі аргумэнтамі і дыпляматыяй. Я пацьвярджаю яшчэ раз, што Сэрбія ня будзе ужываць сілу”.
Тадзіч казаў пра вельмі неспрыяльныя ўмовы, у якіх зараз жывуць у Косаве этнічныя сэрбы.
Новаму кіраўніку ўраду Косава Хашыму Тачы не было прадстаўленае слова на пасяджэньні Рады, там могуць выступаць толькі прадстаўнікі міжнародна прызнаных дзяржаваў.
Тачы: “Вельмі хутка мы прымем рашэньне. І мы спадзяемся, што вельмі хутка міжнародная супольнасьць прызнае нас, Вашынгтон, Брусэль і іншыя сталіцы. Усё, што зробіць Прышціна, яна зробіць у шчыльным супрацоўніцтве з Вашынгтонам, Брусэлем і іншымі дзяржавамі, і мы будзем працаваць над тым, каб працэс ішоў як мага хутчэй”.
Ён выказаў упэўненасьць, што незалежнасьць краю будзе абвешчаная ў першай палове лютага.
Расейскі пасол у ААН Віталь Чуркін заявіў, што, абвясьціўшы незалежнасьць у аднабаковым парадку, Косава ніколі не набудзе статус агульнапрызнанага сябра міжнароднай супольнасьці. Расейскі дыплямат сказаў, што прызнаньне такой аднабаковай дэклярацыі было б парушэньнем статуту ААН.
Пасол Злучаных Штатаў у ААН Залмай Галілзод заявіў, што плян былога фінскага прэзыдэнта Ахцісаары , які прадугледжвае кантраляваную з боку міжнароднай супольнасьці незалежнасьць Косава, зьяўляецца найлепшым варыянтам.
Галілзод: “Я мяркую, што плян Ахцісаары – гэта адзіны магчымы варыянт. Улічваючы, што Прышціна і Бялград не прыйшлі да пагадненьня, плян Ахцісаары выглядае разумным падыходам, варты таго, каб яго зрэалізаваць”.
Амэрыканскі дыплямат падкрэсьліў, што, зь незалежнасьцю ці безь яе, і Сэрбіі, і Косаву варта імкнуцца да хуткага далучэньня да аб’яднанай Эўропы.
Галілзод: “Канчатковае рашэньне рашэньне для рэгіёну палягае ў тым, каб далучыцца да больш шырокіх эўрапейскіх інстытутаў, асабліва да Эўразьвязу – у гэтым будучыня рэгіёну”.