Уладзімер Лыско -- адзін зь першых беларускіх палітвязьняў. За ўдзел у акцыі апазыцыі 25 сакавіка 1997 году, прымеркаванай да ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі. У Гомель на “хімію” быў выпраўлены ўвесну 1998 году, пасьля году адбываньня пакараньня трапіў пад амністыю.
Уладзімер Лыско – геадэзіст з больш чым 30-гадовым стажам. Спэцыфіка геадэзічнай працы ў тым, што 9 месяцаў на год – суцэльныя камандзіроўкі, так званы палявы сэзон. За першыя гады працы геадэзістам Лыско практычна пешшу абышоў амаль усю Літву і Латвію. Тады і ўбачыў, зь якім піітэтам да сваіх “малых радзімаў” ставяцца прыбалты, а як чамусьці грэбуюць сваёй старонкай наскрозь прасякнутыя савецкай ідэалёгіяй беларусы. Нібыта і не было ніколі той самай незалежнай Беларусі.
На першыя мітынгі хадзілі цэлымі “экспэдыцыямі”
Увогуле той час Уладзімер згадвае як “вельмі добры”, калі людзі жылі спадзяваньнямі на радыкальныя пераўтварэньні, а калёны тых, хто жадаў такіх пераменаў, “хадзілі выключна па праспэкце”. У першых шэрагах – ужо дасьведчаны ў першых сутычках зь міліцыяй Уладзімер Лыско.
У Дзень Волі 25 сакавіка 1997 году ўдзельнікі сьвяткаваньня чарговай гадавіны БНР сабраліся на плошчы Незалежнасьці. Упершыню без Пазьняка. Было заплянаванае шэсьце да плошчы Якуба Коласа і там -- мітынг. Аднак міліцыя ад пачатку паводзіла сябе правакацыйна: адной зь першых пацягнулі ў “варанок” маці Славаміра Адамовіча. Разам жанчыну абаранілі. Потым спэцназаўцы пачалі выхопліваць людзей проста з натоўпу, пачаліся лякальныя бойкі, дэманстранты “высыпалі” на праезную частку. Галоўным перамоўнікам з уладамі выступаў ужо нябожчык Генадзь Карпенка, аднак на скрыжаваньні праспэкту Скарыны і вуліцы Казлова пачалася бойка. Мітынг на плошчы Якуба Коласа ўрэшце адбыўся, пасьля чаго людзі пачалі разыходзіцца.
У РАУС Савецкага раёну, як злачынцу, паставілі на "расьцяжку"...
Як узгадвае мой суразмоўца, 10 гадоў таму праваахоўнікі ўсё ж была крыху больш спагадлівая. І нават капітан міліцыі на разьвітаньне пажадаў: вы ж, глядзіце, крыху там акуратней змагайцеся.
Першыя палітычныя “хімікі” сувэрэннай Беларусі
Наступная вялікая акцыя адбылася роўна праз месяц, на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Пасьля акцыі з сябрамі рушылі ў бок мікрараёну “Захад”. Але на скрыжаваньні праспэкту Пушкіна і вуліцы Альшэўскага раптам спыняецца машына, усіх тром “заломваюць” рукі за сьпіны і вязуць у аддзяленьне міліцыі на вуліцы Сурганава. За “паўторны ўдзел” у несанкцыянаванай акцыі распачатая крымінальная справа – нягледзячы на тое, што за сакавіцкія падзеі Лыско ўжо быў пакараны і штраф заплаціў. Трое сутак правёў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна, пасьля чаго перавезьлі ў сьледчы ізалятар на Валадарскага. Там адседзеў месяц, пасьля чаго нечаканая разьвязка -- адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Уладзімер узгадвае, што пасьля месяцу ў “замураваным скляпеньні” як наноў нарадзіўся – на дрэвах толькі зьявіліся зялёныя лісточкі, было поўнае адчуваньне неадхільных зьменаў да лепшага.
Але ў лістападзе таго ж, 1997 году, Лыска выклікаюць у суд. Падчас працэсу пазнаёміўся зь іншымі “палітычнымі”, якіх таксама вінавацілі ў рэцыдыве. Гэта мастак Рыгор Кійко, фізык Алесь Бондараў, геоляг Аляксандар Сарокін, супрацоўнік Менскага мэтрапалітэну Аляксей Каваль ды іншыя. Два тыдні цягнуліся судовыя паседжаньні, у выніку Лыско і Кійко асудзілі да двух гадоў “хіміі”, з астатніх два гады мусілі вылічваць 20% ад заробку. Усе, за выключэньнем Лыска, падалі апэляцыю. Аднак Вярхоўны суд рашэньне пакінуў у сіле, і 8 сакавіка 1998 году нашага героя выправілі ў Гомель. Адрас часовай прыпіскі – вуліца Рабочая, 22.
У цэнтры Гомеля, у раёне “сельмаша”, знаходзіцца 5-ці павярховы інтэрнат для асуджаных. З той толькі розьніцай, што замест звыклага атрыбута студэнцкага ці працоўнага інтэрната -- бабкі-вахтэркі -- тут на першым паверсе – міліцыянты. На пытаньне пра кантынгент “установы” Уладзімер адказвае коратка: у асноўным “хуліганы”. То бок, удакладняе “нармалёвыя людзі”.
Валадарка як школа нерэальнага жыцьця
... Да “палітычнага” Лыска сукамэрнікі паставіліся надзвычай добра, нават, як узгадвае Ўладзімер, атрымаў адпаведнае “паганяла” – Дырэктар. Неўзабаве даверылі раздаваць кнігі: раз на месяц прыносілі ў камэру чытво і ён разьмяркоўваў, каму якую выдаць. Адрозна ад “хіміі”, кажа суразмоўца, тут жыцьцё цалкам аўтаномнае, адарванае ад засьценкавых рэалій -- асобныя людзі, чакаючы сьледзтва, сядзяць па два і болей гады.
За месяц перажыў два вялікія “шмоны”, калі налятаюць людзі ў чорным, у масках, усіх без разбору “месяць” і пачынаецца вялікі ператрус. Гэта татальны “выварот”, усіх выганяюць на калідор, ставяць тварам да сьцяны. У Лыска знайшлі маток нітак, “коні” па-турэмнаму. Гэта ў зьняволеньні рэч неабходная: як ноч прыходзіць, пачынаецца перапіска, ад хаты ў хату праз вокны. Пэрсанал пра ўсё гэта ведае, але ўсялякую самадзейнасьць спыняе. “Вешацца сабраўся?”, -- запытаўся ахоўнік і, не чакаючы адказу, так “зашпуліў” Уладзімеру ў грудзі, што той на ўсёй хуткасьці сустрэўся са сьцяной. І ўвогуле “дзеля прафіляктыкі”, як узгадвае Ўладзімер, білі дужа моцна.
На “хіміі” рэаліі былі зусім іншыя. Натуральна, што з прапановамі працы ніхто насустрач не бег: хочаш працаваць – ідзі ўладкоўвайся. Лыско пайшоў шукаць шчасьця па спэцыяльнасьці, на мясцовае геадэзічнае прадпрыемства. Удача ўсьміхнулася: узялі на працу і, каб не лезьлі ўсялякія думкі і хутчэй ляцеў час, Уладзімер працаваў сем дзён на тыдзень. Кажа, што тыя парадкі былі нашмат больш лібэральныя, чым існуюць зараз: з вартай за кожным ніхто не хадзіў, галоўнае -- вярнуцца да вечаровай паверкі ў 21.30..
Так без асаблівых прыгодаў адседзеў год, дакладней адбегаў, бо геадэзіста ж ногі кормяць. І неўзабаве выйшаў указ пра амністыю. Сярод іншых, выпусьцілі і Лыска. Такім чынам, з двух прысуджаных гадоў адседзеў палову.
Пасьля выхаду на волю з палітычнай актыўнасьцю Ўладзімер Лыско не завязаў і яго па-ранейшаму можна было ўбачыць у галаве калёны.
Тэрмін Лыска – на сумленьні “кінаапэратара” КДБ
Неўзабаве зноў трапіў у міліцыю. Хоць, кажа, наважыўся на экспэрымэнт: маўляў, буду стаяць, безь ніякіх актыўных дзеяньняў. “Нават рот не раскрыю”, -- даў сабе суровае абяцаньне. Але, відаць, такая ўжо “карма”: схапілі, адвезьлі ў пастарунак. Адбыў суткі, завялі адміністратыўную справу. Адно што абышоўся вялікім штрафам – 20 тагачасных мінімальных заробкаў.
Уладзімер Лыско ніводнага разу не фігураваў сярод арганізатараў якойсьці палітычнай акцыі. Тады чаму пакараньне – два гады “хіміі” -- неадпаведнае статусу?
Лыска засудзілі ў асноўным дзякуючы сьведчаньням такога “кінаапэратара”, капітана Прыходзькі...
Аднак, калі на судзе судзьдзя у пацярпелага запытаў: колькі жадаеце, каб атрымаў Лыско, той адказаў: ня меней за пяць гадоў.
На працу палітычная актыўнасьць Ўладзімера Лыско пакуль не паўплывала: спэцыяліст з 30-гадовым практычным досьведам працы патрэбен усюды. “Геадэзіст -- ён і ў Афрыцы геадэзіст”, -- разважае Ўладзімер. І ўвогуле ён удзячны сваім калегам, якія ад пачатку былі на ягоным баку і пісалі хадайніцтвы ў суд, каб яго не каралі так жорстка.
Адзінае, што ўсё менее у калёнах сучасных дэманстрантаў сяброў, зь якімі пачыналі хадзіць на маршы на бурным зломе 1980-1990-х гадоў. Хтосьці непакоіцца за сям’ю – а раптам пасадзяць, хто карміць дзяцей будзе? Кагосьці запужалі на працы, намёртва прывязаўшы кантрактам. Дый праваахоўная сыстэма, аўтарытэтна канстатуе Ўладзімер, стала нашмат больш жорсткая. А ўмовы на “хіміі” і ўвогуле параўноўваць не выпадае – цяперашніх палітзьняволеных нават на “хіміі” трымаюць як на “зоне”.
Уладзімер Лыско нарадзіўся 20 ліпеня 1957 году ў Барысаве. У 1974 годзе скончыў школу і паступіў у палітэхнічны тэхнікум па спэцыяльнасьці “інжынэрная геадэзія”. У 1975-м быў прызваны ў войска, служыў тры гады на Балтыйскім флёце, базаваўся на нямецкай высьпе Рюгенд. Пасьля службы і заканчэньня тэхнікума разьмеркаваўся ў Менск, у тагачаснае 5-е геадэзічнае прадпрыемства пры Савеце міністраў СССР.
Асуджаны да двух гадоў “хіміі” за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў дзень Волі 25 сакавіка 1997 году. Пакараньне адбываў у Гомелі.
Беспартыйны, больш за 30 гадоў працуе па спэцыяльнасьці, геадэзістам.