Праваабарончая арганізацыя “Freedom House” падрыхтавала выніковы даклад “Свабода ў сьвеце”. Паводле экспэртаў, колькасьць “свабодных краінаў” у мінулым годзе не перавысіла і паловы ад усіх, якія ёсьць на плянэце, а сярод самых рэпрэсіўных рэжымаў названыя туркмэнскі, узбэцкі і беларускі.
Згодна з дасьледаваньнем “Freedom House”, па выніках 2007 году да “свабодных краінаў” можна аднесьці 90 дзяржаваў сьвету, альбо 47% краінаў, якія існуюць на гэты момант. Тэрыторыяў жа, дзе палітычныя свабоды слабеюць, робіцца толькі больш. Летась гэта адбылося ў Расеі, Вэнэсуэле, Пакістане ды шэрагу іншых краінаў. Што да Беларусі, то яна некалькі апошніх гадоў займае ўжо амаль звыклае месца ў “хвасьце” праваабарончага рэйтынгу як краіна з выразна рэпрэсіўным рэжымам.
Сытуацыю камэнтуе выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:
“Так, гэта ўжо звыклая сытуацыя. Беларусь, канечне, магла б заняць лепшае месца ў гэтым сьпісе. Але для гэтага трэба прыкладаць даволі сур’ёзныя намаганьні і выконваць тыя нормы, якія краіна абавязалася выконваць, падпісваючы міжнародныя дамовы. Пакуль, на жаль, гэтых крокаў амаль не відаць”.
Карэспандэнт: “У дакладзе адзначана, што Беларусь трапіла ў сьпіс найбольш рэпрэсіўных краінаў перадусім з-за таго, што ў турмах утрымліваюцца палітзьняволеныя...”
“Галоўнай праблемай, канечне, застаюцца палітзьняволеныя. Гэта тое, без чаго ня могуць палепшыцца адносіны паміж нашай краінай і цывілізаваным сьветам. Вельмі сур’ёзная праблема, якая на сёньняшні дзень практычна не вырашаецца. Можам узгадаць, вядома, што крыху раней выйшлі Севярынец са Статкевічам, але ўсё астатняе застаецца на месцы працяглы час і зрухаў тут не відаць пакуль”.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі ня бачыць падставаў, каб Беларусь пачала прасоўвацца ў бок хоць бы “часткова свабодных краінаў”, якіх у сьвеце экспэрты налічылі 60:
“Для зьмены сытуацыі патрэбна адзінае: палітычная воля нашых уладаў. Вось калі будзе палітычная воля на зьмену сытуацыі, то я ўпэўнены, што тады яно рэальна. Ці проста тады замена гэтай улады. Гэта іншы варыянт зьмены сытуацыі”.
Карэспандэнт: “І тое месца, якое там пададзена, адэкватнае сытуацыі?”
“Так, яно аб’ектыўнае. Сапраўды, што адбываецца ў нас са сродкамі масавай інфармацыі, — дык нават на бязьмежных прасторах былых савецкіх краінаў такое мала дзе можна ўбачыць. Літаральна магу назваць яшчэ толькі Узбэкістан і Туркмэністан. І вось Беларусь гэтаксама побач зь імі. У Азэрбайджане, да прыкладу, нашмат лепей, я там быў і ведаю сытуацыю. Таму ўсё гэта сапраўды вельмі сумна”.
У дакладзе праваабарончай арганізацыі “Freedom House” асабліва адзначаецца, што маральную і фінансавую падтрымку рэпрэсіўнаму беларускаму рэжыму забясьпечвае Расея, якая за апошні год перамясьцілася ў бок краінаў з абмежаванымі палітычнымі свабодамі. “Расея Пуціна, сама па сабе несвабодная, спрыяе яшчэ менш свабоднаму беларускаму рэжыму”, — гаворыцца ў дакумэнце.
Старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева ў зьвязку з гэтым кажа, што з такімі тэмпамі адыходу ад дэмакратычных нормаў Расея і Беларусь неўзабаве будуць суседнічаць у сьпісе самых рэпрэсіўных дзяржаваў:
“Так, у нас была мінімальная дэмакратыя — адрозна ад Беларусі, якая не пасьпела яе сфармаваць. І ведаеце, калі казаць ужо зусім шчыра, то мы што, моцна змагаліся за гэтую дэмакратыю? Яна звалілася нам на галовы, калі разваліўся Савецкі Саюз. А тое, што звальваецца на галовы, тое, што ня сам заваяваў, тое зусім ня цэніцца. Мы гэта ўрэшце і страцілі. А вось цяпер мы будзем за гэта змагацца. Давядзецца адваёўваць тыя свабоды, якія мы страцілі, таму што іх не цанілі”.
Беларусь у дакладзе характарызуецца як краіна, дзе ўтрымліваюцца палітзьняволеныя, парушаецца прынцып падзелу ўладаў, істотна абмежаваная свабода слова і свабода сходаў.
Рэакцыі беларускіх уладаў на даклад “Freedom House” пакуль няма. У Міністэрстве замежных справаў на просьбу Радыё Свабоду пракамэнтаваць справаздачу адказалі, што яшчэ не знаёмыя з тэкстам гэтага дакумэнту. Таксама ў ведамстве адзначылі, што МЗС не абавязанае рэагаваць на ўсё, што дзесьці друкуецца.