Сёньня раніцай ня стала журналісткі Ірыны Сакаловай — рэдактаркі газэтаў “Фемида” і “Фемида-Nova” і часопісу “Медыя-эксперт”, які выдавала Беларуская асацыяцыя журналістаў супольна з расейскім Цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі. Зь імем Сакаловай асацыюецца пэрыяд станаўленьня беларускай незалежнай журналістыкі, перакананыя яе калегі.
“Яна была адным зь лідэраў сапраўднай, сумленнай журналістыкі”
Учора ўвечары старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна наведала Ірыну Сакалову, якую за дзень да таго выпісалі са шпіталю.
“Пасьля разьвітаньня зь Юр’ем Шырокім была ўнутраная проста неверагодная патрэба чарговым разам наведаць Ірыну. Зразумела, што ўчора ёй было ўжо вельмі цяжка. А сёньня раніцай гэтая сумная навіна – Ірыны ня стала. Зь яе імем асацыюецца цэлая эпоха станаўленьня незалежнай журналістыкі, яна была адным зь лідэраў сапраўднай, сумленнай журналістыкі. І яе ініцыятыва ў стварэньні газэты “Фемида”... Гэтае выданьне нарадзілася дзякуючы яе намаганьням. Яно стала школай для многіх журналістаў”, — кажа Жана Літвіна.
“Мне цяжка гаварыць пра яе ў мінулым часе”
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прызнаецца, што прыйшоў у журналістыку дзякуючы Ірыне Сакаловай. Ён працаваў у газэце “Фемида-Nova”.
“На жаль, у 2000 годзе выйшаў апошні нумар гэтай газэты. Потым яна працавала ў бюлетэні “Медыя-эксперт”, які выдаваўся БАЖ супольна з расейскім Цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі. Яна ўваходзіла ў склад камісіі па этыцы БАЖ. Апошнія гады вельмі цяжка хварэла, летам ёй ампутавалі нагу. На жаль, паправіцца яна не змагла. Мы былі зь ёй добрымі сябрамі. Мне нават цяжка пакуль гаварыць пра яе ў мінулым часе”.
Андрэй Бастунец, Жана Літвіна і іншыя сябры БАЖу шмат дапамагалі Ірыне ў часе хваробы. Яны згадваюць, як летась у жніўні віншавалі яе з 60-годзьдзем.
“У яе быў твар італьянскай Мадонны”
Тэлерэжысэр Леанід Міндлін вучыўся разам зь Ірынай Сакаловай на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Якая яна была прыгожая жанчына, згадвае ён.
“У яе быў твар італьянскай Мадонны. Дарэчы, калі ёй было 17 гадоў, Булат Акуджава ёй гітару падарыў. Пакуль была здаровая, дык займалася рознымі справамі. Як журналістка была рызыковая. Калі я працаваў у “Эрыдане”, там быў часопіс “Фантакрим-пресс”, і я пэўны час быў яго галоўным рэдактарам, а Ірына там працавала. Дык яна аднойчы паехала ў экспэдыцыю шукаць сьнежнага чалавека ў бок Цянь-Шаню. Сьнежнага чалавека не знайшла, але зрабіла добры артыкул. Яна, безумоўна, была, як кажуць, рэдактарам ад Бога”, — перакананы Леанід Міндлін.
“Яна вырасьціла цудоўнага сына”
Згаданы Леанідам Міндліным цэнтар “Эрыдан” узначальваў філёзаф Аляксандар Патупа. Для яго сьмерць Ірыны Сакаловай — цяжкая страта.
“Ірына была цудоўным журналістам, высокапрафэсійным рэдактарам. Яна ня толькі кіравала газэтай, яе пяру належыць “Настольная кніга рэдактара”. Яна выгадавала цудоўнага сына Дзяніса. Вельмі яго любіла. І ён яе таксама. Ён цяпер у Канадзе, вельмі сур’ёзны праграміст”.
Найбліжэйшымі днямі сын Ірыны прыляціць з Канады ў Менск. Разьвітаньне зь Ірынай Сакаловай адбудзецца ў суботу 19 студзеня.