У сталіцы Беларусі могуць зьявіцца некалькі гатэляў вядомых міжнародных сетак. У прыватнасьці, размова ідзе пра такія гатэлі, як Hyatt, Kempinski, Radisson SAS.
Паводле інтэрнэт-выданьня “Ежедневник”, сёлета пачнецца рэалізацыя некалькіх інвэстыцыйных праектаў. Найбольш рэальнымі зь іх выглядаюць будаўніцтва пяцізоркавых гатэляў кампаніямі Global Hyatt Corporation і Kempinski Hotels SА. Менскія ўлады ўжо зарэзэрвавалі будаўнічыя пляцоўкі: для Hyatt – каля Камсамольскага возера, для Kempinski – у раёне Кастрычніцкай плошчы.
Галоўны архітэктар Менску Віктар Нікіцін цьвердзіць, што інвэстыцыі па Hyatt складуць каля 80 мільёнаў даляраў. Цікава, што гэтая сетка, створаная ў 1957 годзе, мае цяпер 737 гатэляў, зь якіх 5 пабудаваныя на тэрыторыі былога СССР: два – у Баку, па аднаму – у Алмааты, Бішкеку, Маскве. Яшчэ адзін гатэль будуецца ў Кіеве.