Канчатковае палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі прынята на паседжаньні Рады бясьпекі Беларусі.
Праект пастановы будзе ў найбліжэйшы час дапрацаваны, узгоднены і да канца студзеня ўнесены прэзыдэнту на подпіс. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праца па будаўніцтву атамнай электрастанцыі павінна пачацца ўжо сёлета: маўляў, “у беларускім грамадзтве ўжо ўсталявалася разуменьне, што альтэрнатывы ядзернай энэргетыцы ў Беларусі няма”.
Дырэктар навукова-дасьледчага інстытуту ядзерных праблем БДУ прафэсар Уладзімер Барышэўскі выступае за будаўніцтва АЭС:
«Атамную электрастанцыю, канечне ж, трэба будаваць. Я лічу, што ўсе чарнобыльскія жарсьці – гэта злачынства супраць нашага народу. Чалавецтва наагул калі хоча выжыць, павінна будаваць атамныя электрастанцыі, разьвіваць тэрмаядзерную энэргетыку. Пройдзе 50 гадоў, і ўсё будзе заліта сьветам».
Усе чарнобыльскія жарсьці – гэта злачынства супраць нашага народу.
Ужо падпісаны ўказ «Аб некаторых захадах па будаўніцтву атамнай электрастанцыі», створаны Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы, Дырэкцыя па будаўніцтву АЭС – заканадаўства аптымізавана.
Але, на думку Аляксандра Лукашэнкі, “падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС ідзе марудна, няма дакладнага бачаньня альгарытмаў... Дагэтуль няма пэўнасьці па многіх найважнейшых аспэктах: месцы будаўніцтва, праекту і генэральнаму падрадчыку”.
Міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што прыблізны кошт праекту можа скласьці каля 4 мільярдаў даляраў. Крыніцамі фінансаваньня зьяўляюцца бюджэтныя сродкі, зьнешнія пазыкі, фонд нацыянальнага разьвіцьця і інавацыйны фонд Міністэрства энэргетыкі.
Канчатковы выбар пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС плянуецца зрабіць вясной 2008 году. Гэта будзе тэрыторыя плошчай каля 100 квадратных кілямэтраў, потым будзе вызначанае і канкрэтнае месца (10—12 кв.км), дзе будзе знаходзіцца сама станцыя. Пакуль жа разглядаецца некалькі патэнцыйных пляцовак для будаўніцтва АЭС у Магілёўскай вобласьці. Адна зь іх у раёне Горак. На мінулым тыдні мясцовыя жыхары стварылі там антыядзерную групу і пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС.
Эканамічны эфэкт, пра які ўлады распавядаюць, у адзін момант можа абярнуцца вялікімі стратамі.
«Эканамічны эфэкт, пра які ўлады распавядаюць, у адзін момант можа абярнуцца вялікімі стратамі: і чалавечымі, і эканамічнымі, і палітычнымі, і экалягічнымі. Бо вопыт Чарнобыля ўжо шмат каго навучыў. І стварэньне нашай антыядзернай групы мела на мэце актывізаваць працу па супрацьстаяньні будаўніцтву станцыі, біць ва ўсе званы», – распавядае прэсавы сакратар новастворанай грамадзкай ініцыятывы Эдуард Брокараў.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі пры кансультацыйнай падтрымцы замежных адмыслоўцаў распрацавала графік работ па будаўніцтву АЭС. Адначасова будуць будавацца два блёкі: першы павінен быць уведзены ў 2018 годзе, другі – праз год-два. На поўную магутнасьць беларуская атамная станцыя павінна выйсьці ў 2020 годзе.