У Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласьці гэтая забарона дзейнічае ад пачатку трэцяй чвэрці. Настаўнікі скардзяцца ў раённы аддзел адукацыі, але там праблему вырашыць ня могуць.
Пра тое, што ў вясковых школах на Глыбоччыне ўжо немагчыма набыць за ўласныя грошы абед у школьнай сталоўцы, распавяла на ўмовах ананімнасьці настаўніца, спадарыня Тацяна:
“Некалькі дзён ужо забараняюць, але заўтра наш заўгас паедзе высьвятляць у райаддзел адукацыі, адкуль і што ўзялося. Ці гэта так на нас эканомяць? Мы ўсе ў шоку. Цяпер купляем ежу ў краме і возім з сабой”.
Спэцыяліст па харчаваньні Глыбоцкага раённага аддзелу адукацыі Алена Яцына пацьвердзіла, што забарона на харчаваньне вясковых настаўнікаў у школьных сталоўках сапраўды існуе. І зьвязаная яна са зьменамі ў фінансавым заканадаўстве.
“Усё ведаем, але гэта не ад нас залежыць. Выйшаў зараз нейкі 30-ты пункт, і цяпер, адным словам, мы ня ведаем, куды пералічваць грошы, якія паступаюць ад настаўнікаў. Але мы тэлефанавалі ў Віцебск, і нам сказалі, што гэтае пытаньне неўзабаве мае вырашыцца, прычым на карысьць настаўнікаў”, — кажа спадарыня Яцына з Глыбоцкага райаддзелу адукацыі.
Тым часам як гарадзкія настаўнікі маюць магчымасьць набыць нешта ў школьным буфэце або жывуць недалёка ад школы і могуць выбрацца на абед дадому, для настаўнікаў вясковых школ сыстэма харчаваньня істотна адрозьніваецца. Дагэтуль ім гатавалі такія самыя абеды, як і вучням, і аплочваць іх трэба было або ў канцы месяца, як гэта прынята, да прыкладу, у школах Віцебскага раёну, або авансам на пачатку месяца – як і цяпер робіцца ў Бешанковіцкім раёне. Абед у сярэднім каштуе ад 1,5 да 2 тысяч рублёў, на месяц гэта складае ад 20 да 30 тысяч
Дарэчы, у шэрагу раёнаў Віцебшчыны вясковыя настаўнікі як харчаваліся, так і цяпер харчуюцца ў школьных сталоўках – забарона іх не закранула.
Спэцыяліст у галіне школьнага харчаваньня абласнога аддзелу адукацыі Натальля Мазянькова сьцьвярджае, што такой забароны ўвогуле не існуе:
“Ніхто ім не забараняў. Гэтае пытаньне зьвязана з прыняцьцем закону пра бюджэт, і там крыху зьмяніўся мэханізм пераводу грошай. Можа, у рэгіёнах не зусім граматна адрэагавалі. Мы чакаем ліста зь Міністэрства фінансаў, дзе будуць усе тлумачэньні, як новы мэханізм будзе дзейнічаць. Можа, на месцах праз гэтае пытаньне настаўнікі хвалююцца”.
Настаўнікі тлумачаць свой неспакой найперш тым, што заканадаўчыя зьмены апошнім часам абяцаюць ім адны страты: да прыкладу, меркаванае скарачэньне тэрміну летняга адпачынку. На паляпшэньне ўмоваў працы яны ўжо не спадзяюцца.