Паводле дадзеных Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, расстройствы псыхікі і паводзінаў назіраюцца ў кожнага чацьвёртага жыхара плянэты.
І толькі кожны трэці з хворых зьвяртаецца па дапамогу да лекара. Паводле прагнозаў мэдыкаў, да 2020 года дэпрэсія выйдзе на другое месца пасьля ішэмічнай хваробы сэрца паводле колькасьці захворваньняў.
Беларускія псыхіятры кажуць: у краіне назіраецца рост псыхічных разладжваньняў: за 3 апошнія гады захворваемасьць на псыхічныя расстройствы павялічылася на 22%. Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў кажа:
“Сьвет у нас зараз такі, такое грамадзтва, у якога маса праблемаў. Дэпрэсіі ўзьнікаюць і зь нейкай нагоды, і без яе, па розных прычынах: чалавек згубіў працу, пахаваў блізкага, чалавек разьвёўся... І з гэтых прычынаў няхай ня ў 100%, але ў многіх узьнікаюць дэпрэсіі”.
Чалавек у стане дэпрэсіі непрацаздольны
Дэпрэсія – сур'ёзнае захворваньне, якое ўзьнікае ў выніку парушэньня хімічнага балянсу галаўнога мозгу. Гэта ня проста ўпадак настрою, кажа псыхоляг Жанна Міцкевіч:
“Перш за ўсё гэта псыхалягічны стан чалавека, які выражаецца ў неадэкватным успрыманьні цалкам жыцьця. У чалавека прысутнічае паныласьць, па-другое, апатыя, па-трэцяе, чалавек у стане дэпрэсіі непрацаздольны, як у сьпячцы, як бы адыходзіць ад жыцьця”.
Практыкуючы псыхіятар Ігар Сарокін перакананы:
працэнтаў 80 пацыентаў паступаюць з дыягназам дэпрэсія
“У беларусаў слова “псыхіятрыя” выклікае жах”
І псыхіятры, і псыхолягі адзначаюць, што да іх за апошнія гадоў пяць стала зьвяртацца ўдвая больш пацыентаў. Але ў асноўнай бальшыні беларусаў няма яшчэ асэнсаваньня сур’ёзнасьці расстройства псыхікі. Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў лічыць, што розьніца не ў самой дэпрэсіі, не ў структуры разладу, а менавіта ў мэнталітэце насельніцтва:
“Калі на Захадзе нават прэстыжным лічыцца мець свайго псыхааналітыка, псыхоляга, псыхіятра, то ў нас слова “псыхіятрыя” выклікае сьвяшчэнны жах. Гэта наступствы той 70-гадовай палітыкі партыі і ўраду, калі ўсе няўгодныя, усе іншадумцы прызнаваліся псыхічна хворымі. Гэта ламаць трэба. Але гэта не аднаго дня праца, гэта доўгая песьня”.
“Дэпрэсія ў беларусаў больш глыбокая і брутальная”
Штогод ад псыхічных расстройстваў у Беларусі памірае каля 3 тысяч чалавек, у краіне даволі высокі паказьнік самагубства. Ці ёсьць так бы мовіць, спэцыфічныя асаблівасьці дэпрэсіі ў беларусаў? Псыхіятар Ігар Сарокін перакананы:
“Напэўна, усё ж такі адрозьненьні ёсьць з-за таго, што вялікі працэнт алькагалізацыі насельніцтва. З-за гэтага дэпрэсіі ў беларусаў і глыбейшыя, і больш брутальныя. Шмат спробаў суіцыдаў і завершаных самагубстваў. У гэтым сэнсе нельга сказаць, што беларусы досыць памяркоўныя”.
Псыхіятараў пакуль не хапае
Зараз у Беларусі працуе 237 псыхіятрычных кабінэтаў для дарослых і 73 – для дзяцей. У той жа час колькасьць ложкаў у псыхіятрычных лякарнях у 2007 годзе скарацілася на 1108 месцаў. Спэцыялістаў пакуль таксама не хапае. Летась з мэдыка-псыхалягічнага факультэту Гарадзенскага мэдунівэрсытэту 29 маладых псыхіятраў было разьмеркавана ў сельскія раёны. Сёлета будзе накіравана яшчэ 65 выпускнікоў менавіта ў правінцыю. А там дзе ёсьць псыхіятар на прыёме, лягчэй і тэрапэўту, іншым лекарам, бо ўсё ў арганізьме ўзаемазьвязана, кажа Павал Рынкоў. Што тычыцца лекавых прэпаратаў, то...
лекі ў нас усё ёсьць. Праўда, лекі ўсе імпартныя
Адмыслоўцы кажуць: калі чалавек адчувае першыя прыкметы дэпрэсіўнага стану, ня трэба баяцца зьвяртацца па дапамогу. Парада псыхоляга Жанны Міцкевіч:
“У дэпрэсіўным стане лепш за ўсё зьвяртацца да псыхатэрапэўта. Бо гэта мэдыцынская хвароба. Якая патрабуе ня толькі псыхалягічных сродкаў, якім зьяўляецца слова, але часьцяком і мэдыкамэнтозных. Таму варта ісьці да псыхатэрапэўта”.